У Гомельскай вобласці толькі чатыры сельгаспрадпрыемствы, адно з іх – фермерская гаспадарка, займаюцца развядзеннем абердзін-ангускай пароды буйной рагатай жывёлы. У іх ліку – ААТ “Агра-Ляскавічы”. Наш карэспандэнт зазірнула на таварную ферму “Брынёў”, дзе сёння прапісаліся 890 элітных “шатландцаў”, і даведалася, чаму ім не будуюць хлявы, навошта каровам “штучная кроў” і як гадуецца тое самае знакамітае мармуровае мяса.

Мясная жывёлагадоўля высокага класа – ніша складаная, але вельмі перспектыўная, упэўнены дырэктар ААТ “Агра-Ляскавічы» Юрый Кастыронак:
– Рашэнне прывезці на петрыкаўскую зямлю замежную пароду было смелым і стратэгічным крокам кіраўніцтва гаспадаркі. У нашым выпадку гэта праца на перспектыву і прамы ўплыў на эканоміку гаспадаркі. Таварная ферма “Брынёў” для нас – асаблівы прадмет гонару. Мы зрабілі стаўку на элітную генетыку і не прагадалі. Гэта не проста вытворчасць мяса, гэта стварэнне высокаліквіднага прадукту прэміум-класа. Наша мэта – паказаць, што на беларускім Палессі можна паспяхова вырошчваць мармуровую ялавічыну сусветнага ўзроўню, якая будзе запатрабаваная як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.

Таварная ферма “Брынёў” ламае стэрэатыпы: звычайны кароўнік з доўгімі радамі кармушак і пахам сіласу мы тут не ўбачылі. Мясцовыя жыхары – буйныя, чорныя, як смала, а таксама насычана рыжыя быкі і каровы абердзін-ангускай пароды – сустракаюць нас на свежым паветры. Парода прыйшла да нас з суровай Шатландыі, таму беларускі клімат для жывёл сапраўдны курорт.
Нас сустракае брыгадзір Таццяна Марцынкевіч. Па інфармацыі спецыяліста, галоўная «фішка» ўтрымання гэтых жывёл – максімальная прыроднасць. Хлявоў у звыклым разуменні тут проста няма. Нават у лютыя маразы статак знаходзіцца пад адкрытым небам, хаваючыся ад ветру ў лёгкіх загароджах з трох сценак і падстрэшка.
Таццяна Іванаўна з вялікім захапленнем пачынае свой аповед пра гадаванцаў:
– Многія прыязджаюць і здзіўляюцца: як так, на вуліцы мінус, а каровы нават пад дах не заходзяць. Насамрэч для ангусаў самае страшнае – гэта не мароз, а вільгаць і скразнякі. Таму трох сценак і густа пасланай саломы ім цалкам дастаткова для камфорту. Адзінае выключэнне – гэта спецыяльны цялятнік, куды мы змяшчаем матак з нованароджанымі малышамі ў першыя месяцы жыцця, пакуль яны не адужаюць.
Увогуле, мясная жывёлагадоўля у параўнанні з малочнай вытворчасцю патрабуе менш працоўных рэсурсаў і менш жорсткіх тэхналагічных тонкасцей ва ўтрыманні і кармленні жывёл. Што да апошняга, то абердзіны сапраўдныя спартанцы, выдатна ядуць грубыя кармы.

Абердзін-ангусы – камолыя жывёлы. Гэта значыць, што яны ад прыроды не маюць рагоў. Такая генетычная асаблівасць вельмі зручная для беспрывязнага ўтрымання: жывёлы не могуць параніць адна адну ў статку ці траўмаваць персанал фермы.
Пра тое, як уладкавана штодзённае медыцынскае жыццё фермы, нам падрабязна распавяла ветэрынарны ўрач Алена Занкевіч (на фота), якая працуе з гэтым унікальным статкам ужо два з паловай гады.
– Характар у гэтых жывёл спакойны, але горды, – з усмешкай адзначае Алена Уладзіміраўна. – Калі ідзеш на штодзённы абыход, трэба быць уважлівым, асабліва калі побач з каровай цялятка.
По словах суразмоўцы, мацярынскі інстынкт у абердзінаў проста жалезны – за сваё дзіця маці будзе стаяць гарой. Нават даглядчыкаў у першыя тыдні пасля расцёлу падпускае з вялікай асцярожнасцю.
– Па класічнай тэхналогіі цяля знаходзіцца на падсосе з маці да паўгода. Аднак на ТФ “Брынёў” мы звялі гэты тэрмін да чатырох месяцаў. Нашы цяляты даволі добра і хутка набіраюць вагу, гэтага перыяду ім цалкам дастаткова. Лепшы сёлетні паказчык прываг – 1 кілаграм 450 грамаў у месяц, – з гонарам зазначае суразмоўца і дадае: – Калі мы раней адбіраем маладняк, кароўкі паспяваюць хутчэй аднавіць сілы і фізіялагічна гатовыя да новага пакрыцця. Дзякуючы гэтаму некаторых каровак удаецца пакрыць нават двойчы за год. Адсюль і выдатны вынік – выхад цялят у нас складае больш за 100%.

Каб парода не выраджалася і трымала марку “мармуровасці”, спецыялісты фермы вельмі строга сочаць за генетыкай. Амаль палова статку асемяняецца штучна. Гэта дазваляе прыўносіць “новую кроў” лепшых сусветных вытворцаў і цалкам выключыць роднаснае скрыжаванне, якое зніжае якасць мяса. Статак, які зараз утрымліваецца на выпасах у вёсцы Найда Жыткавіцкага раёна, пакуль пакрываецца прыродным спосабам – непасрэдна быком. На будучы год у гаспадарцы плануецца выхад на 100%-е штучнае асемяненне.
Што да медыкаментознага суправаджэння, то, па інфармацыі ветэрынаргана ўрача таварнай фермы, абердзіны вылучаюцца моцным прыродным імунітэтам: у плане прышчэпак і лячэння яны патрабуюць мінімуму працэдур, бо хваробы іх амаль не бяруць.
Для нашага раёна ТФ “Брынёў” – гэта сапраўдная кропка росту і прыклад таго, як інавацыйныя падыходы і замежная генетыка выдатна прыжываюцца на беларускай зямлі пад наглядам мясцовых спецыялістаў.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.




