Ёсць людзі, сустрэча з якімі пакідае ў душы светлы след. Менавіта такія пачуцці ўзніклі пасля размовы з Таццянай Паўлаўнай Ляўчэняй. Напярэдадні Дня пажылых людзей мы завіталі ў госці да гэтай цудоўнай жанчыны.

Таццяна Паўлаўна сустрэла мяне на парозе ўласнага дома з усмешкай у асяроддзі рознакаляровых кветак, што ўпрыгожваюць яе падворак.
Гераіня артыкула родам з вёскі Забалацце. Пасля заканчэння Курыціцкай сярэдняй школы юная дзяўчына, поўная мараў і энергіі, адправілася ў горад Клінцы Бранскай вобласці. Там яна асвоіла прафесію прадзільшчыцы і пачала свой працоўны шлях на ткацкай фабрыцы. Падчас аднаго з прыездаў дадому, у родныя мясціны, Таццяна Паўлаўна сустрэла свайго будучага мужа – Валерыя Аляксандравіча. Гэта было каханне з першага позірку: маладыя людзі зразумелі, што больш не хочуць расставацца ні на хвіліну. Так і пачалося шчаслівае сямейнае жыццё. Маладая сям’я пераехала ў Петрыкаў. Валерый Аляксандравіч працаваў трактарыстам у Петрыкаўскім ПМС. З часам ад прадпрыемства сям’я набыла і ўласны дом. Працоўная біяграфія Таццяны Паўлаўны ў Петрыкаве пачалася з пошты, але сапраўдным прызваннем стала работа ў Петрыкаўскім РГС. У сакавіку 1985 года гераіня артыкула ўпершыню пераступіла парог прадпрыемства.
– Гэта быў дзіўны час, – успамінае падчас гутаркі суразмоўца. – Тады набіралі шмат маладых спецыялістаў аднаго ўзросту і ўсе мы, сапраўды, сталі адной вялікай сям’ёй.
Спачатку Таццяна Паўлаўна працавала слесарам. Здавалася б, праца слесара – не для жаночых рук. Я не магла не спытаць: ці не баялася маладая жанчына такой працы? На пытанне гераіня адказала так: я родам з вёскі, ніколі не баялася цяжкай працы.
Так, праз два гады працавітасць і адказнасць жанчыны былі заўважаныя – Таццяну Паўлаўну перавялі на пасаду кантралёра, а пазней кладаўшчыка. Пад адказнасцю суразмоўцы быў цэлы склад спецыяльнай вопраткі, газавых балонаў, тэхнічнага абсталявання. Усё гэта патрабавала пільнасці, дакладнасці і парадку. А яшчэ на гэтай пасадзе давялося асвойваць камп’ютар. Таццяна Паўлаўна вучылася працаваць з электроннымі праграмамі, таксама і гэта асвоіла!
За шматгадовую добрасумленную працу яе імя не раз заносілі на Дошку гонару, гераіня была ўзнагароджана шматлікімі граматамі і падзякамі. Але галоўным скарбам гадоў працы яна лічыць людзей. Калегі сталі для яе роднымі, і нават праз гады яны не губляюць сувязі: рэгулярна тэлефануюць адзін аднаму, сустракаюцца за кубачкам гарбаты.
З мужам Валерыем Аляк-сандравічам яны пражылі разам 37 гадоў, выхавалі двух цудоўных дзяцей – Аляксея і Ганну. Сёння бабулю радуюць чацвёра ўнукаў: Юлія, Валерыя, Лілія і Станіслаў. Жыццё Таццяны Паўлаўны напоўнена клопатам пра блізкіх і любімымі справамі.
На заслужаным адпачынку жанчына не сумуе. Зімой яна захапляецца вязаннем, а летам яе час належыць агароду і кветніку. Асаблівы гонар гаспадыні – ружы. Яна выгадавала больш за 40 кустоў прыгожых кветак са звычайных парасткаў. І здаецца, што гэтыя ружы – адлюстраванне самой гаспадыні: прыгожыя, моцныя, здольныя квітнець нават у няпростыя часы.
Наша гераіня адзначыла, што да Дня пажылых людзей і прафесійнага свята калектыў ніколі не забывае пра яе – заўсёды віншуюць і падтрымліваюць сувязь. Гэтая ўвага надае сілы і радасці.
Напярэдадні свята мы жадаем Таццяне Паўлаўне моцнага здароўя, шчасця і бясконцага цяпла ад родных і блізкіх.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о