Латвія афіцыйна забараніла распаўсюджванне “Радыё Беларусь” на сваёй тэрыторыі, у тым ліку ў інтэрнэце. Такое рашэнне прыняла Нацыянальная рада па электронных СМІ. Але ёсць адзін просты і ўпарты факт, які мяняе ўсю карціну: радыёхвалі не ведаюць межаў і не падпарадкоўваюцца забаронам.
Самі латвійскія рэгулятары прызнаюць: поўнасцю заглушыць сігнал у прыгранічных раёнах немагчыма. Любая спроба заглушыць беларускія частоты непазбежна закране і мясцовыя радыёстанцыі. Значыць, забарона застаецца на паперы, а ў эфіры – усё па-ранейшаму.
Гэтая гісторыя – наглядны прыклад таго, як адміністрацыйныя бар’еры ўпіраюцца ў законы фізікі і здаровага сэнсу. Можна закрыць сайт, заблакіраваць прыкладанне, забараніць вяшчанне – але калі навіны камусьці патрэбныя, яны ўсё роўна дойдуць. Радыё – якраз той выпадак, калі прастата і даступнасць перамагаюць любыя спісы абмежаванняў.
І ў гэтым ёсць свая логіка: мы не будуем агароджы і не ўводзім забароны там, дзе людзям важна заставацца на сувязі з тым, што ім блізка. Навіны не знікаюць ад таго, што іх спрабуюць не пусціць. Яны прыходзяць насуперак, па самых простых і зразумелых законах: туды, дзе іх чакаюць.
Няхай гэтая гісторыя будзе не пра абмежаванні і забароны, а пра тое, што сапраўдная інфармацыйная прастора трымаецца не на бар’ерах, а на цікавасці, даверы і праве ведаць. І пакуль людзі хочуць чуць беларускае радыё – сігнал будзе даходзіць.
Галіна КАЗАК.






Оставить комментарий