Сто гадоў – гэта не проста лічба ў новым пашпарце. Гэта цэлая эпоха, вымераная крокамі, працай, слязьмі і, безумоўна, любоўю.
1 ліпеня жыхарка вёскі Аголічы, Ганна Філіпаўна Туравец, адзначыла свой векавы юбілей.
Гэты дзень стаў святам не толькі для яе самой, але і для ўсіх, хто завітаў да юбіляршы, каб раздзяліць з ёй радасць прыгожай даты. Гонар і павагу зямлячцы выказалі пачэсныя госці: старшыня Петрыкаўскага сельскага савета Ігар Серабракоў, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Крысціна Аляксандрава, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ірына Курдо і лідар жаночага руху раёна.
Праз церні – да спакою
Лёс Ганны Філіпаўны – гэта адлюстраванне гісторыі ўсёй краіны. Няпростае, апаленае вайной юнацтва, два гады прымусовай працы ў Германіі, цяжкае пасляваеннае ліхалецце, калі даводзілася літаральна з руін адраджаць родную зямлю. Рана пайшоў з жыцця бацька гераіні, а пасля і першы муж – гадаваць дзяцей давялося самой. Жанчына аддала 35 гадоў цяжкай, сумленнай працы даяркай у калгасе.
“Няпроста было, – згадвае яна, – але было весела, жылі дружна, заўсёды дапамагалі адзін аднаму”.
Сёння яна глядзіць на мінулае з мудрай пакорай. Нават калі на долю выпаў самы страшны мацярынскі боль – страта чатырох сыноў – яна знайшла сілы не зламацца і жыць далей.
“Усякага хапіла”, – кажа Ганна Філіпаўна і дадае, што яна стараецца жыць цёплымі ўспамінамі, якіх за 100 гадоў жыцця, канешне ж, было болей. Да таго ж яе сённяшняе жыццё, па словах самой гераіні, спакойнае і забяспечанае.
Кліч сумлення і суседская любоў
Кажуць, што сваякоў даруе неба, а вось добрых суседзяў трэба заслужыць. Сёння галоўнай апорай, памочніцай і анёлам-ахоўнікам для Ганны Філіпаўны стала суседка Раіса, якую юбілярка ласкава называе “мая Райка”. Гэта не проста догляд па абавязку – гэта клопат па клічы чулага сумлення. Свежыя ранішнія аладкі, цёплае слова і штодзённае хваляванне: “Як Вы тут, Ганна Філіпаўна?” – вось тое, што напаўняе кожны дзень стагадовай жанчыны сапраўдным сэнсам, утульнасцю і цеплынёй.
У наш імклівы час гісторыя Ганны Філіпаўны і яе суседкі Раісы нагадвае пра самае галоўнае. Пра тое, што чалавечнасць, шчырая ўзаемавыручка і здольнасць дзяліцца душэўным цяплом – гэта і ёсць той сапраўдны падмурак, на якім вякамі трымаецца беларуская вёска.
Жыццё працягваецца!
Нягледзячы на ўсе мінулыя вятры і навальніцы, Ганна Філіпаўна сустракае свой векавы рубеж у спакоі і акружаная клопатам. Яе вочы свецяцца жыццёвай мудрасцю, а ў руках – новы пашпарт. Гэты дакумент – лепшы доказ таго, што наперадзе яшчэ шмат светлых світанкаў. Са святам, паважаная Ганна Філіпаўна! Няхай кожны новы дзень прыносіць толькі добрыя навіны, здароўе не падводзіць, а побач заўсёды будзе верная “Райка” і людзі з добрым сэрцам.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.







Оставить комментарий