Багацце Беларусі, шчыт і натхненне – гэта нашы лясы. Рэдка хто, патрапіўшы сюды, пад цяністую сень, задумваецца, што за кожным дрэўцам, лясною сцежкай стаяць людзі, працаўнікі лесу.
Гэта яны: лесаводы, лесанарыхтоўшчыкі, перапрацоўшчыкі драўніны, паляўнічыя, а яшчэ зваршчыкі, слесары, электрыкі і прадстаўнікі іншых прафесій стаяць на варце нашага зялёнага “золата”.

90 гадоў на варце зялёнага багацця

Ля вытокаў лясной гаспадаркі…

Гісторыя лясной гаспадаркі Петрыкаўшчыны – гэта цэлая эпоха працы людзей, якая пачалася 90 гадоў таму, 2 ліпеня 1936 года.
Менавіта ў гэты дзень на базе шасці лясніцтваў: Грабаўскага, Сялюціцкага, Брынёўскага, Петрыкаўскага, Балажэвіцкага і Снядзінскага быў створаны Петрыкаўскі лясгас. Гэта была новая справа: не толькі карыстацца дарамі лесу, але і захоўваць іх і прымнажаць. Прадпрыемства толькі набрала свае вытворчыя абароты, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Але нават падчас акупацыі, петрыкаўчане не здымалі з сябе працоўных абавязкаў: старшы ляснічы П.І.Ільчанка, які да вайны працаваў інспектарам, узяў на сябе адказнасць за лес, які стаў сапраўдным сімвалам партызанскага супраціўлення.
Пасля вызвалення раёна перад лясгасам стала задача па забяспячэнні краіны драўнінай для забудовы і ўзналення знішчаных і пацярпелых падчас ваенных дзеянняў плошчаў. Справа няпростая, улічваючы, што зруйнавана было амаль усё. У другой палове 50-х з’яўляецца цэх па перапрацоўцы драўніны, першыя трактары і машыны. З пачатку 60-х гадоў на месца дырэктара прыходзіць Іван Іванавіч Прехно, заслужаны лесавод БССР, які кіраваў лясгасам 24 гады. Пры ім адбываецца ўзбуйненне, з’яўляюцца новыя лясніцтвы, будуецца тарны цэх і рамонтныя майстэрні. У 1988 годзе да Петрыкаўскага далучаецца Капаткевіцкі лясгас. Межы гаспадаркі набываюць сучасныя межы.
Значную ролю ў развіццё Петрыкаўскага лясгаса ўнеслі яго кіраўнікі, які працавалі тут у 2000-2020 гады: Васілій Цімафеевіч Сачук, Пётр Мікалаевіч Марчанка, Юрый Аляксандравіч Апановіч.

У нагу з часам…

Намаганнямі шматлікіх пакаленняў сваіх працаўнікоў Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Петрыкаўскі лясгас” годна ўвайшла ў ХХІ стагоддзе. Адзін з найбуйнейшых лясгасаў Рэспублікі Беларусь уключае ў сябе 14 лясніцтваў, цэх па перапрацоўцы і лесапункт па нарыхтоўцы драўніны, участак па адгрузцы вагонаў і вытворчасці дранкі. Таксама на тэрыторыі лясгаса ёсць пастаянны лясны гадавальнік і дом паляўнічага. Дзейнасць прадпрыемства шматгранная: лесакарыстанне, лесаўзнаўленне, лесаабарона і ахова лесу, прамысловая дзейнасць, паляванне і турызм. За гэтымі напрамкамі стаіць праца амаль 500 чалавек. Зразумела, што не апошняе месца ў дзейнасці прадпрыемства займае матэрыяльна-тэхнічная база. Машынна-трактарны парк складаецца з 230 адзінак тэхнікі, якая дазваляе выконваць пастаўленыя задачы сваечасова і якасна. Акрамя трактароў, аўтамашын і прычэпаў усіх марак, на балансе лясгаса матацыклы, квардрацыклы і адзін снегаход. Са спецыяльнай тэхнікі прадпрыемства валодае 7-мі харвестарамі, 6-ці форвардэрамі і 9-цю сартыментавозамі.
У гандлёвых партнёрах Петрыкаўскага лясгаса 30 прадпрыемстваў нашай краіны.Сярод якіх такія буйныя, як Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы”, ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат”, “Гомельдрэў”, “Рэчыцадрэў”, ТАА “Свудс Экспарт”, “Віцебская лесапільня” і РУД “Завод газетнай паперы”. Але вытворчасць працуе не толькі на ўнутраны рынак, імпарт пілаванай і дзелавой драўніны адбываецца ў Расію, Турцыю, Азербайджан і Узбекістан. Фізічным асобам лясгас рэалізуе дровы, піламатэрыялы, саджанцы дрэў і дэкаратыўных кустоў, бярозавы сок і мёд.
Калі зірнуць на сацыяльна-эканамічныя паказчыкі І паўгоддзя 2026 года, то можна адзначыць, што прадпрыемства не толькі выконвае, але і па многіх пазіцыях перавыконвае іх. Так, лесаўзнаўленне склала 264 гектары ці 105,6% ад запланавага, стварэнне лесасемяннога комплексу селекцыйным пасяўным і пасадачным матэрыялам – 155,3 гектара ці 124,4%. Дарэчы, на гадавальніку прадпрыемства вырошчваюць 9 асноўных лесаўтваральных парод, для патрэб насельніцтва і арганізацый – 60 сартоў дэкаратыўных дрэў і кустоў, сярод іх: гартэнзія, ліцыя, жымаласць, роза, спірэя, чубушнік.
Нарыхтоўка драўніны з’яўляецца прамысловай дзейнасцю і дае значныя паказчыкі. Рубка догляду ў маладняках склала 266, 8 гектараў (227,6%). Лесанарыхтоўка – 102 тысяч м³ (100,8%), нарыхтоўка з выкарыстаннем харвестара склала 76,36 тысяч м³ або 119%.
Важнейшы напрамак – ахова лесу ад пажараў і ўзгаранняў. Для гэтай мэты лясныя масівы абсталяваны сістэмай кантролю “Лясны вартавы”, які дазваляе аператыўна рэагаваць на ўзгаранні. На прадпрыемтсве працуе пажарна-хімічная станцыя, якая абсталявана спецыяльнай тэхнікай. Гэта дазваляе своечасова выявіць лясныя пажары і прыняць меры лакалізацыі і тушэнню. Дарэчы, у гэтым годзе, нягледзячы на засушлівы перыяд, удалося знізіць колькасць пажараў у параўнанні з мінулагоднім перыядам з 9 да 7.
Погляд у будучыню…

– Петрыкаўскі лясгас развіваецца і працуе на перспектыву. Так, за апошнія два гады набылі харвестар МЛХ 265, тры сартыментавозы МАЗ 6312228, фарвардар АМКАДОР 2662-01. Гэта дазволіць і у далейшым нарошчваць сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, – адзначыў дырэктар Іван Торчык.
Развіваецца паляўніцтва. За трафеямі ў лясгас прыязджаюць не толькі нашы паляўнічыя, але і расійскія. У камфартабельнай “Хатцы паляўнічага” могуць размясціцца не толькі людзі, але і іх чацвёраногія сябры. Маецца баня, стралковы цір, спутнікавае ТВ і інтэрнет. За мінулы год праведзены 31 паляўнічы тур на агульную суму амаль 200 тысяч беларускіх рублёў. Яшчэ адзін напрамак – экатурызм. Лясгас прапануе аўтамабільныя і водныя маршруты.
Новая справа – домабудаванне. Лясгас вырабляе і прапануе на продаж летнія хаткі, бані, альтанкі з бруса.

Трымаць руку на пульсе грамадства…

Калектыў – гэта не толькі вытворчы працэс, гэта яшчэ і людзі. Як яны бавяць час, як жывуць, наколькі камфортныя ўмовы створаны для маладых спецыялістаў – усе гэтыя пытанні ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва.
Калектыў ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” прымае актыўны ўдзел у жыцці раёна. Спартыўныя, культурна-масавыя мерапрыемствы, святы і памятныя даты не абыходзяцца без удзелу лесаводаў. Работнікі даглядаюць воінскія захаванні і магілы ахвяр фашыстскага тэрору. Прадпрыемства аказвае дапамогу былым “дзецям вайны”, вязням фашысцкіх лагераў, ветэранам галіны. Падтрымліваецца сувязь з установамі і прадпрыемствамі раёна.
Прадпрыемства вядзе планамерную работу з дзецьмі і моладдзю. У дзіцячых садках і школах працуюць аб’яднанні па інтарэсах юных лесаводаў, якія з’яўляюцца частымі і жаданымі гасцямі структурных падраздзяленняў лясгаса. Гэта дазваляе не толькі займацца прафілактычнай работай, вучыць дзяцей змалку берагчы лясныя багацці, але і спрыяе прафарыентацыі і выбару будучай прафесіі.
ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара Івана Мікалаевіча Торчыка смела глядзіць у будучыню і працягвае пісаць гісторыю прадпрыемства, якая пачалася 90 гадоў назад.

90 гадоў на варце зялёнага багацця 90 гадоў на варце зялёнага багацця

Паважаныя ветэраны і работнікі Петрыкаўскага лясгаса!
За ўсе поспехі і дасягненні я хочу падзякаваць усім вам і вашым сем’ям.
У гэты знаменальны дзень я шчыра рады павіншаваць вас з юбілеем нашага прадпрыемства і ад ўсёй душы пажадаць вам шчасця, здароўя і добрага настрою. Жадаю, каб ваша праца была максімальна прыемнай, каб работа прыносіла маральнае і матэрыяльнае задавальненне, у сем’ях усё складвалася найлепшым чынам і поспех ніколі не пакідаў вашых угоддзяў!
Іван Торчык, дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”

Надзея СІГАЙ, фота з архіва лясгаса.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о