СЁННЯ – ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МІЛІЦЫІ
Напярэдадні 4 сакавіка мы зазірнулі ў кабінет начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Віталія Маркевіча, каб пагаварыць не толькі пра працэнты раскрыцця, а і пра тое, чым жыве раённая міліцыя сёння і хто стаіць за цішынёй на нашых вуліцах.
У кабінеце Віталія Мікалаевіча пануе рабочая абстаноўка: важкія папкі дакументаў, даклады падначаленых, бясконцыя тэлефонныя званкі… На маё пытанне пра маючае адбыцца свята ён усміхаецца:
– Ведаеце, для нас лепшы падарунак – гэта калі ў раёне спакойна. Калі людзі могуць позна ўвечары вяртацца дадому, не азіраючыся, а бацькі не перажываюць за дзяцей у двары.
– Напярэдадні новага прафесійнага года прынята падводзіць вынікі і будаваць планы. Якім быў 2025 для РАУС?
– У мінулым годзе аператыўная абстаноўка ў раёне заставалася стабільная і кантралюемая. Нам удалося забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку грамадзян. На высокім узроўні забяспечана ахова грамадскага парадку на ўсіх дзяржаўных святах і мерапрыемствах, у тым ліку з удзелам Прэзідэнта.
Крымінагеннае становішча па выніках года характарызуецца зніжэннем колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 226 да 173.
На тэрыторыі раёна не дапушчана ўчыненне згвалтаванняў і разбояў. Адзначана зніжэнне колькасці зарэгістраваных крадзяжоў, хуліганстваў, колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
Разам з тым зарэгістраваны нязначны рост рабаванняў і махлярстваў.
У ЛПП ізалявана 30 чалавек, прынятымі мерамі ўдалося знізіць “п’яную” злачыннасць у раёне.
Што да прыярытэтаў на 2026 год, то асноўная ўвага будзе нададзена прафілактыцы правапарушэнняў, забеспячэнню грамадскай бяспекі і ўмацаванню кадравага патэнцыялу.
– Віталій Мікалаевіч, часта кажуць, што міліцыя – гэта перш за ўсё дысцыпліна. А ці ёсць у вашай службе месца “душэўнасці”?
– Без душы ў нашай прафесіі нельга, – упэўнены палкоўнік. – Мы ж працуем з людзьмі. У кожнага свая бяда, свой характар. Участковы, напрыклад, гэта і юрыст, і псіхолаг, а часам і проста сусед, які выслухае. Нашы хлопцы часта дапамагаюць не таму, што так загадвае статут, а таму, што па-іншаму сумленне не дазваляе. То машыну з сумёта выцягнуць, то адзінокую бабулю лішні раз наведаюць. З такіх дробязяў і складаецца давер да чалавека ў форме.
– Хто яны – тыя, хто сёння выходзіць на дзяжурства?
– Калектыў у нас розны: ёсць вопытныя «зубры», чые імёны ў раёне ведае кожны, ёсць і моладзь, хто толькі пачынае свой шлях у прафесіі. Я заўсёды гавару маладым, што пагоны – гэта не толькі ўлада, гэта перш за ўсё вялікая адказнасць. Прыемна бачыць, як захоўваюцца традыцыі. Ветэраны нашы – частыя госці ў аддзеле, іх парады часам больш каштоўныя за любыя падручнікі.
– Што ў святочны дзень вы б хацелі пажадаць сваім калегам і іх сем’ям?
– Без перабольшання, служба ў міліцыі – гэта заўсёды выпрабаванне для сям’і. Хачу сказаць вялікі дзякуй нашым жонкам, мужам, бацькам, за іх цярпенне. Даруйце нам за астылыя вячэры і бясконцую колькасць разоў перанесены водпуск, і за тое, што заўсёды чакаюць. Калегам дзякую за самаадданую службу. Мінулы год пацвердзіў: наш калектыў здольны дакладна і эфектыўна вырашаць самыя складаныя задачы па абароне правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы.
Асаблівыя словы ўдзячнасці – нашым ветэранам, чый вопыт з’яўляецца падмуркам для маладых супрацоўнікаў.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, вытрымкі і новых поспехаў у служэнні на карысць нашай Радзімы. Няхай у вашых сем’ях заўсёды будзе мір, а ў нашым раёне – парадак.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий