Звычайна, калі адчыняеш дзверы ў кабінет аднаго з кіраўнікоў праваахоўных органаў, чакаеш убачыць сур’ёзнага прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва, але ў нашым выпадку мяне чакаў прыемны сюрпрыз. Я сустрэлася з Наталляй Губар, падпалкоўнікам міліцыі Петрыкаўскага РАУС, адзінай жанчынай у нашай краіне, якая займае пасаду начальніка раённага аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.
Міліцыянер – гэта не проста праца, а лад жыцця.
Падпалкоўнік міліцыі Наталля Губар за доўгія гады службы ў органах унутраных спраў пераканалася ў гэтым на ўласным вопыце.
Агульны стаж Наталлі Уладзіміраўны складае больш за два дзесяцігоддзі, але ні разу за гэты час яна не ўсумнілася ў правільнасці абранага шляху.
Родам Наталля Уладзіміраўна з гарадскога пасёлка Капаткевічы. Ужо ў пятым класе дзяўчынка вырашыла звязаць сваю будучую прафесію з органамі ўнутраных спраў. Яшчэ тады, па словах Наталлі Уладзіміраўны, яна марыла дапамагаць людзям, насіць форму і працаваць на карысць дзяржавы. У дадатак да гэтага педагогі школы заклалі годны падмурак у плане патрыятычнага выхавання.
– Пасля заканчэння школы я паступіла ў Акадэмію МУС на следча-эксперты факультэт. Падчас вучобы, напэўна, і замацаваўся характар, які сёння называюць сталёвым, – успамінае суразмоўца.
У 2010 годзе пачаўся яе шлях у Петрыкаўскім РАУС. Першая пасада – дазнаўца аддзела папярэдняга расследавання. А ў 2012 годзе, калі аддзел рэарганізавалі, Наталля Уладзіміраўна перайшла ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Пяць гадоў праваахоўнік працавала з цяжкімі падлеткамі, і гэта стала выдатнай школай у прафесіі. З 2017 года – Наталля Уладзіміраўна старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. А ў 2023-ім падпалкоўнік узначаліла дадзенае падраздзяленне.
Бяспека ў надзейных руках
– Супрацоўнікі аддзела правапарадку і прафілактыкі Петрыкаўскага РАУС заўсёды ў полі зроку насельніцтва. Менавіта ім даводзіцца штодня сутыкацца з надзённымі праблемамі жыхароў горада і сельскіх населеных пунктаў.
Ахоўваць прававы парадак, берагчы спакой грамадзян, праводзіць прафілактыку любых відаў злачынстваў і правапарушэнняў на вуліцах і ў грамадскіх месцах – вось галоўныя задачы аддзела, – распавяла падчас гутаркі Наталля Уладзіміраўна. Яна прызнаецца: поспех дасягаецца толькі сумеснымі намаганнямі. Кожны праваахоўнік у нашай службе – неад’емная частка адзінага механізму, які дзякуючы свядомасці і працавітасці калектыву працуе без збояў.
– Вельмі прыемна, што прыходзяць маладыя людзі, якія “гараць” гэтай справай, працуючы з поўнай самааддачай, – дзеліцца падпалкоўнік.
Сям’я на варце правапарадку
Муж Наталлі Уладзіміраўны таксама носіць пагоны. Аляксандр Мікалаевіч часова выконвае абавязкі на пасадзе начальніка аддзялення ДАІ Петрыкаўскага РАУС. Муж і жонка добра разумеюць спецыфіку працы адзін аднаго.
Разам яны выхоўваюць сына Арцёма. І, гледзячы на бацькоў, хлопчык ужо цяпер задумваецца пра тое, каб пайсці па іх слядах.
У святочны дзень падпалкоўнік міліцыі Наталля Губар жадае калегам рэалізацыі ўсіх сваіх планаў, а жаночую палову калектыву віншуе яшчэ і з надыходзячым Днём жанчын.
–Усім жадаю здароўя, поспеху ў службе, сямейнага дабрабыту!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий