Па роду сваёй дзейнасці не раз даводзілася сустракацца з людзьмі, якія вырашылі пераехаць на Петрыкаўшчыну з другіх рэгіёнаў краіны, каб тут жыць і працаваць.

І гэта не здзіўляе: наша малая радзіма славіцца сваёй прыродай і чулымі людзьмі. А калі да гэтага добры заробак, то чаму б і не?
Адна з тых, хто знайшоў сваё месца ў нашым раёне – Ірына Жаўранко – аператар машыннага даення МТФ “Церабаў” СУП “Палессе-Аграінвест”. Наша знаёмства запомнілася мне шчырасцю і адкрытасцю жанчыны.
Ірына Валянцінаўна родам з Кармянскага раёна. На Петрыкаўшчыну ўпершыню прыехала сем гадоў таму ў скла-дзе працоўнай брыгады ў СУП «Палессе-Аграінвест».
– Сказаць шчыра, умовы, якія нам прадаставіла гаспадарка, мне адразу прыйшліся па душы, – прызнаецца жанчына. – Высокатэхналагічная вытворчасць, добры заробак, сацыяльная падтрымка, харчовы паёк. Згадзіцеся, гэта моцныя стымулы для любога работніка, які шукае стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. На прадпрыемстве дысцыпліна і парадак. Ды і з мясцовымі работнікамі склаліся адразу добрыя адносіны.
Жывёлавод расказвае: працоўныя вахты на малочна-таварнай ферме былі па два тыдні, а два – адпачынак на Кармяншчыне. З часам узнікла думка аб пераездзе на пастаяннае месца жыхарства на Петрыкаўшчыну. Але пераезд – гэта не толькі асабістае рашэнне, але і адказнасць за сваіх дзяцей. Таму, прыняўшы такое рашэнне Ірына Валянцінаўна звярнулася да кіраўніцтва прадпрыемства з просьбай аб выдзяленні жылля замест пакоя ў інтэрнаце. Праз час яе просьбу задаволілі, і работніца з сям’ёй пераехала ў Мышанку.
Жанчына з ахвотай расказвае пра свае працоўныя будні. Па яе словах, у аддзяленні пануе дух адзінства і адказнасці, у калектыве ўсе накіраваны на вынік. Але сапраўдны бляск у вачах жанчыны з’яўляецца, калі яна распавядае пра сваіх падапечных – 130 галоў буйной рагатай жывёлы. Большасць з іх – першацёлкі, што патрабуе асаблівай увагі і цярпення. Гераіня дзеліцца, што на прадпрыемстве дойка толькі ў радасць – усё механізавана, накіравана на тое, каб зрабіць працэс максімальна камфортным і эфектыўным.
Суразмоўца ўпэўнена: у яе рабоце важны і настрой. Калі даярка прыходзіць да сваіх рагуль са светлымі думкамі, то і жывёлы пвводзяць сябе добра.
– Я не проста выконваю свае абавязкі, а ўкладваю ў працу душу. У кожнай жывёліне бачу жывую істоту, якая патрабуе клопату і ўвагі, – адзначыла напрыканцы нашай гутаркі Ірына Жаўранко. – Дабрыня да жывёлы і адказнасць за справу – залог паспяховай працы.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о