Падманутая ашуканцамі жыхарка Петрыкаўскага раёна аддала кур’еру грашовыя зберажэнні ўсёй сям’і.
У раёне адбыўся чарговы выпадак тэлефоннага махлярства. Жыхарка аднаго з населеных пунктаў, даверыўшыся ілжэсупрацоўнікам службы дастаўкі і праваахоўных органаў, пазбавілася ўсіх сямейных зберажэнняў – зламыснікі выманілі ў яе больш за 150 тысяч рублёў.
Мы сустрэліся са старшым следчым раённага аддзела Следчага камітэта Аляксеем Патапенкам, каб даведацца пра падрабязнасці гэтай гісторыі.
Сцэнарый падману
Усё пачалося з нявіннага, на першы погляд, званка. Жанчыне паведамілі, што на яе імя паступіла паштовае адпраўленне, і для пацверджання дастаўкі папрасілі назваць код з SMS-паведамлення. Пацярпелая не западозрыла падвоху і выканала просьбу.
Неўзабаве раздаўся другі званок – ужо ад “супрацоўніка праваахоўных органаў”. Ён заявіў, што жанчына мімаволі перадала сакрэтны код ашуканцам, якія зараз могуць выкарыстоўваць яе асабістыя дадзеныя ў злачынных мэтах. Голас у трубцы гучаў пераканаўча, а ціск нарастаў.
Пад маркай дапамогі ў раскрыцці злачынства і пад пагрозай прыцягнення да адказнасці жанчыну пераканалі перадаць буйную суму грошай кур’еру – нібыта для праверкі іх сапраўднасці Нацыянальным Банкам.
Пацярпелая, знаходзячыся ў стане стрэсу і разгубленасці, сабрала ўсе зберажэнні сям’і і адправілася ў суседні населены пункт. Там яна перадала грошы “кур’еру”.
Падман выкрыўся толькі праз час, калі жанчына звярнулася ў банк за вяртаннем сродкаў і зразумела, што стала ахвярай ашуканцаў.
Ад улік да затрымання
Па дадзеным факце раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры).
Дзякуючы аператыўна-вышуковым мерапрыемствам удалося ўстанавіць кур’ера – ім аказаўся 26-гадовы жыхар Мінска. Паводле папярэдніх звестак, ён вывез выкрадзеныя грошы ў суседнюю дзяржаву. Цяпер з затрыманым праводзяцца следчыя дзеянні. Канчатковая прававая ацэнка яго дзеянням будзе дадзена па выніках расследавання.
Як не патрапіць у пастку
Каб не паўтарыць лёс пацярпелай, запомніце некалькі простых правіл:
– Не паведамляйце па тэлефоне асабістыя дадзеныя, паролі і коды з SMS-паведамленняў – сапраўдныя супрацоўнікі банкаў і службы дастаўкі ніколі не запытваюць такую інфармацыю.
– Пераправярайце інфармацыю: калі вам тэлефануюць ад імя якой-небудзь арганізацыі, пакладзіце трубку і ператэлефануйце па афіцыйным нумары.
– Будзьце напагатове, калі вас прыспешваюць, запалохваюць ці пагражаюць крымінальнай адказнасцю – гэта класічны прыём ашуканцаў.
– Памятайце: супрацоўнікі праваахоўных органаў ніколі не просяць грамадзян удзельнічаць у “спецыяльных аперацыях”, перавозіць грошы ці залічваць іх на якія-небудзь рахункі.
– Абмяркуйце гэтыя правілы з пажылымі сваякамі – менавіта яны часцей за ўсё становяцца ахвярамі падобных схем.
– Ашуканцы выкарыстоўваюць псіхалагічныя прыёмы, каб выклікаць страх і разгубленасць. У такі момант чалавек можа прыняць неабдуманае рашэнне. Галоўнае – узяць паўзу, параіцца з блізкімі і праверыць інфармацыю, – пракаменціраваў прадстаўнік Следчага камітэта.
Галіна КАЗАК.






Оставить комментарий