Жанчына на жніве: адказнасць і прафесіяналізм

0
337

Уборачная кампанія – адказны час для аграрнай галіны. І сярод дзясяткаў працоўных руплівых мужчынскіх рук, ёсць праца і прыгожай паловы чалавецтва. Наша гераіня, Святлана Бруяка,  не механізатар і не памочнік камбайнёра, яна  – галоўны аграном  БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”.

Жанчына на жніве: адказнасць і прафесіяналізмСустрэліся мы са Святланай Мікалаеўнай на зернетаку гаспадаркі. Сонца ўжо хілілася да захаду, дзесьці ў гарадах, людзі, прыйшоўшы з работы, садзіліся вячэраць, а тут праца ішла поўным ходам. Вялікімі залатымі ўзгоркамі ўзнімалася зерне, МАЗы адзін за адным пад’язджалі і ссыпалі каштоўны груз, нарошчваючы вышыню збожжавых “гор”, гудзелі механізмы сушыльных машын. Святлана Мікалаеўна, размаўляючы з намі, не перапыняла работы, заадно паказваючы, як працуе вільгацямер – адзін з галоўных інструментаў агранома. Жытнёвыя зернеткі, здавалася, самі беглі да руплівых жаночых рук і пераліваліся ўсімі адценнямі золата ў заходзячых промнях сонца.

– Працоўны дзень і мой і намесніка па вытворчасці заканчваецца падчас уборачнай менавіта тут, на зернетаку. Таму што наша агульная задача  не толькі сабраць ураджай да апошняга зернетка, але і правільна высушыць яго, прыкрыць ад начной вільгаці. Ад таго, як мы спрацуем на працягу усяго цыклу – ад поля да зернетоку залежыць вынік нашай працы. У гэтым годзе ўраджай радуе: зерне чыстае, сухое. Зараз убіраем азімае жыта, з 908 гектараў ужо ўбрана 413, ураджайнасць складае 30 цэнтнераў з гектара, – дзеліцца суразмоўца.

Працоўны дзень агранома пачынаецца ў палях: патрэбна іх аб’ехаць, вызначыць вільготнасць культур і направіць у час зернеўборачную тэхніку на пэўныя палеткі.

Між тым уборачная кампанія ніякім чынам не ўплывае на іншыя тэхналагічныя работы, у якіх задзейнічаны галоўны аграном: адначасова ідзе падрыхтоўка палёў да пасеву азімага рапса, ўборка саломы, нарыхтоўка кармоў, закладка траншэй.

Святлана Мікалаеўна плануе месцы і колькасць гектар пад пэўную сельскагаспадарчую культуру, а таксама на якія палі і ў які час выйдзе пэўная тэхніка. Нават накірунак будучага ўраджаю – на зерне ці на сілас – таксама адносіцца да яе задач. Менавіта на плечы галоўнага агранома кладзецца неабходнасць правільна разлічыць эфектыўнае выкарыстанне земляў.

Святлана Мікалаеўна з дзяцінства адчувала цікавасць да раслінаводства: любіла назіраць за раслінамі, яе хвалявала, што пасадзілі на суседнім полі і чым адрозніваюцца расліны між сабой. Таму пасля заканчэння школы яе шлях ляжаў у сельскагаспадарчы тэхнікум, а затым у Горкаўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Прыйшоўшы на працу ў саўгас “Чалюшчавічы” ў роднай вёсцы ў 1989 годзе, яна ўжо не збочвала з намечанага шляху. Пасля пераехала ў вёску Курыцічы, але пасады, якія яна займала, былі звязаны з аграрнай галіной і агранаміяй. Прайшоўшы вялікі працоўны шлях, Святлана Бруяка адзначае:

– Каб працаваць у сельскай гаспадарцы, патрэбна вельмі любіць сваю работу, любіць землю, бачыць, як яно расце, звалявацца за вынік.  Без гэтага нельга, бо працоўны дзень агранома не можа быць нарміраваны, гэта не ад званка да званка, гэта па зову душы і закліку сэрца.

Галоўны аграном – сваеасаблівы дырыжор кожнага сельгаспрадпрыемства, і ад таго, наколькі эфектыўна спрацуе “аграрны аркестр” БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”, залежыць менавіта ад сімпатычнай сціплай жанчыны Святланы Мікалаеўны, якая любіць сваю работу і адносіцца да яе адказна і з душой.

Надзея СІГАЙ, фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о