Калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне прызнаны пераможцам абласнога прафсаюзнага конкурсу работнікаў дзяржустаноў “Прафсаюзны Алімп” у самай душэўнай і паказальнай намінацыі – “Самая дружная”.

Петрыкаўскія страхаўшчыкі даўно зарэкамендавалі сябе як першакласныя прафесіяналы. Яны актыўна прасоўваюць свае паслугі, укараняюць сучасныя страхавыя прадукты і надзейна аберагаюць спакой жыхароў раёна. Аднак поспех любога прадпрыемства крыецца не толькі ў сухіх лічбах справаздач, але і ў людзях, якія ўмеюць гарэць агульнай справай.
Галоўная суперсіла калектыву, па меркаванні дырэктара Паліны Бельскай, у тым, што паспяховая працоўная дзейнасць тут пераплецена з актыўным грамадскім жыццём.
– Наш калектыў – вельмі пазітыўная, энергічная і актыўная каманда. Што да перамогі ў намінацыі “Самая дружная”, якая, дарэчы, прысуджаецца за паспяховае развіццё сацыяльнага партнёрства і ўцягванне супрацоўнікаў у грамадскае жыццё, то гэта яркі доказ згуртаванасці, якая здольна ператварыць калектыў у моцную сям’ю аднадумцаў, гатовую да любых прафесійных і грамадскіх выклікаў. Нам цікава і прыемна не толькі разам працаваць, але і адпачываць, – падкрэсліла Паліна Валер’еўна.
Сапраўды, у прадстаўніцтве практычна няма людзей, якія засталіся ў баку ад грамадскага жыцця раёна. Белдзяржстрах на Петрыкаўшчыне – гэта ўнікальны цэнтр актыўнасці. У шэрагах калектыву ёсць прадстаўнікі абсалютна ўсіх ключавых грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, якія дзейнічаюць у нашым раёне. Прафсаюзы, “Белая Русь”, Беларускі саюз жанчын, Фонд Міру, БРСМ – у кожнай з гэтых структур б’ецца пульс страхоўшчыкаў.
– Сённяшні грамадскі актывіст – гэта не проста чалавек з білетам арганізацыі. Гэта лідар, стваральнік, які гатовы свой вольны час, сілы і душэўную цеплыню накіроўваць на добрыя справы дзеля дабрабыту землякоў і сваёй малой радзімы. А яшчэ, калі супрацоўнік актыўны ў грамадскім жыцці, ён зусім па-іншаму ставіцца і да сваіх прафесійных абавязкаў. У ім больш адказнасці і шчырага жадання дапамагчы чалавеку, а ў нашай прафесіі гэта надзвычай важна, – пазначыла прафсаюзны лідар Юлія Дамасевіч.
Віншуем калектыў з перамогай на “Прафсаюзным Алімпе” і жадаем, каб невычэрпны пазітыў, камандны дух і адданасць любімай справе і надалей заставаліся арыенцірам грамадскага і прафесійнага жыцця.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о