Што застаецца былому рыбаку з шасцідзесяцігадовым стажам, калі ў старасці пахіснутае здароўе не дае магчымасці дабрацца да берага заліва ці любімай ракі? Правільна – успаміны пра выпадкі – шчаслівыя і не вельмі, якія адбываліся некалі на рыбалцы. А колькі іх было – не пералічыць. Пра адзін з іх мой аповяд.
Было гэта зімой падчас падлёднай лоўлі. Прыходжу на заліў Бычок, свідрую шэсць лунак, на пяці з якіх стаўлю старожкі з жыўцамі. Каля шостай лункі саджуся на скрыню і, пакуль старожкі “маўчаць”, закідаю вуду з тонкай лескай і прыгожай мармышкай у надзеі злавіць з дзясятак густэрак, чырвонапёрак ці, у крайнім выпадку, яршоў на юшку. Пасля некалькіх пад’ёмаў мармышкі з дна да паверхні лёду, “ківок” вуды рэзка сагнуўся, і рука адчула цяжар злоўленай рыбіны, якую мне і ўдалося дацягнуць да выхаду з лункі. Якое ж было маё здзіўленне і радасць, калі ўбачыла шчупаковую пашчу. Але не паспела я працягнуць руку, каб ухапіць здабычу за жабры, як шчупак тузануўся і, абарваўшы леску з мармышкой, сышоў пад лёд. Настрой быў сапсаваны на ўвесь дзень. І шкада было не столькі шчупака, які сарваўся, колькі той мармышкі, якую ён пацягнуў у ваду. Ужо вельмі ўловістая яна была.
Памяняўшы вуду, я пасядзела яшчэ пару гадзін каля лункі, і, злавіўшы некалькі рыбінак, вырашыла вяртацца дадому – на паплаўках за гэты час не падняўся ні адзін сцяжок. Давялося пакінуць іх да заўтрашняга дня. Мясцовыя рыбакі ўсе адзін аднаго ведалі, і чужыя снасці не чапалі.
На наступны дзень я прыйшла на заліў раней. Два сцяжкі на маіх старожках весела луналі на ветры. Але там нічога не аказалася: на адным не было жыўца, а на другім ад’едзена хваставая частка плоткі да трайніка, які я чапляю за спінку жыўца. Начапіўшы новых жыўцоў, я, як і ўчора, села з вудай каля той самай лункі, разбіўшы невялікую скарынку лёду – маразоў ноччу не было і лунка не мела патрэбы ў працы бурам. Вуду выбрала з больш тоўстай лескай і вялікім кручком на мармышцы ў надзеі злавіць нешта пабуйней: павінна ж усё ж такі дапамагчы мне ў гэтым высыпаная ўчора прыкормка.
Доўга чакаць не прыйшлося: ужо на трэцяй праводцы клюнуў “крупняк”. На гэты раз мне пашанцавала: на лёдзе ляжаў шчупак, не меншы, чым учора. Але радасці маёй не было мяжы, калі я, здымаючы з кручка рыбіну, убачыла, што на яе верхняй губе вісіць мая любімая мармышка.
Шчупак аказаўся той самы! Вось яно – рыбацкае шчасце!

Любоў АРЛОВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о