У рэдакцыю “ПН” паступіў тэлефонны званок ад жыхаркі Мінска Наталлі Мохарт. Жанчына даўно ўжо пражывае ў сталіцы, а летам прыязджае ў бацькоўскую хату на малую радзіму ў Снядзін. Наталля Францаўна, з цеплынёй гаворыць пра родную вёску. Жанчына падзялілася назіраннямі з нашым карэспандэнтам: “У час кожнага прыезду застаюся прыемна ўражана ад таго, пад якім пільным доглядам сацработніка знаходзяцца мясцовыя жыхары. Той клопат, якім ахінуты сталыя людзі, прыдае гонару за работнікаў Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вельмі хацелася б, каб пра такіх людзей часцей пісалі на старонках газеты, іх гісторыі павинны служыць прыкладам для маладога пакалення”.
З радасцю выконваем вашу просьбу!
Марына Марцынкевіч ужо васямнаццаць гадоў працуе ў сацыяльнай службе. На яе абслугоўванні знаходзіцца насельніцтва Снядзіна, Белена, Мардзвіна. Пры сустрэчы, калі я растлумачыла мэту нашага знаёмства, жанчына збянтэжылася.
– Канечне, мне прыемна такая ўвага. Але я, як і ўсе мае калегі з Петрыкаўшчыны, проста выконваю свае абавязкі, – адзначыла суразмоўца.
“Проста выконваць абавязкі” ў сацыяльнай службе – гэта значыць штодня быць апорай для тых, хто ўжо не можа справіцца сам, хто мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.
– Мне камфортна працаваць з маімі падапечнымі, бо сама я родам з гэтых мясцін. Ведаю добра людзей, “хто чым дыхае”, што каму неабходна ў першую чаргу, – працягвае жанчына. – Нягледзячы на тое, што ў малых вёсках інфраструктура не такая развітая, як у аграгарадках, тут таксама ёсць усё неабходнае для жыцця. “Магазін на колах” Жыткавіцкага філіяла аблспажыўтаварыства рэгулярна дастаўляе прадукты харчавання, а перасоўны медыцынскі комплекс Петрыкаўскай раённай бальніцы прыязджае па графіку, каб спецыялісты маглі правесці агляды і выпісаць рэцэпты на лекі.
Апошнія, дарэчы, сацыяльны работнік атрымлівае для землякоў у Петрыкаве. Зімой, калі няма парома, жанчыне даводзіцца дабірацца з зарэчнай зоны да райцэнтра акружнымі шляхамі праз Мазыр ці Жыткавічы, што займае значна больш часу і сіл. Але такія цяжкасці не спыняюць нашу гераіню. Яна ведае, што яе дапамога патрэбна людзям, і ніякія адлегласці не стануць перашкодай.
У моцныя маразы, калі Прыпяць замярзае, Марына Антонаўна пераходзіць раку пешшу па лё-дзе. Гэта патрабуе асцярожнасці і ўважлівасці, але яна робіць гэта, каб своечасова даставіць падапечным неабходнае.
Сваёй адказнай працай наша гераіня паказвае: дабрыня, любоў да людзей здольныя пераадолець любыя перашкоды. Жанчына не шукае прызнання. Яе ўзнагарода – гэта ўсмешкі на тварах землякоў, каму яна дапамагла, словы падзякі, якія гучаць з глыбіні сэрца. Марына Антонаўна ведае: сапраўднае шчасце заключаецца ў тым, каб дарыць яго іншым.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.






Оставить комментарий