5 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень сацыяльнага работніка.
За сваю чуласць, спагадлівасць і міласэрнасць людзі дадзеннай прафесіі заслугоўваюць глыбокай павагі і ўдзячнасці як сваіх падапечных, так і грамадства.
На Петрыкаўшчыне 1179 пажылых грамадзян атрымліваюць сацыяльныя паслугі на даму. Аказвае ім дадзенную дапамогу 115 сацработнікаў.
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з Марынай Прыкота, прадстаўніцай гэтай высакароднай і самаадданай прафесіі.
– Я заўсёды лічыла, што мая праца – гэта не проста абавязак, а нешта большае. Бо самае галоўнае ў ёй – чалавечнасць, – пачынае размову Марына Пятроўна.
На апецы нашай гераіні знаходзіцца адзінаццаць чалавек. Гэта людзі старэйшага пакалення, з рознымі лёсамі і характарамі. Сярод іх ёсць жанчына, якая мае патрэбу ў асаблівым, штодзённым доглядзе, і тыя, каму дастаткова ўвагі некалькі разоў на тыдзень. Але незалежна ад частаты візітаў, кожны з іх чакае сацыяльнага работніка з нецярпеннем, а яна, у сваю чаргу, ідзе да іх з задавальненнем.
– Усе яны добрыя, душэўныя і тактоўныя людзі, – прызнаецца сацыяльны работнік.
Са слоў жанчыны, кожная яе задача, няхай гэта будзе ўборка кватэры, прыгатаванне ежы, набыццё прадуктаў ці паход у аптэку, выконваецца з максімальнай аддачай. Але фізічная дапамога – гэта толькі частка працы сацыяльнага работніка. Часта да яе гучыць просьба ад пажылых землякоў – пабыць з імі больш, пагаварыць.
Менавіта ў гэтых простых момантах зносін і заключаецца самая каштоўная дапамога.
“Асаблівых сакрэтаў у маёй працы няма. Быць шчырай, умець суперажываць. Заўсёды ўсміхацца! Усміхацца вачыма, душой і сэрцам”.
Марына Пятроўна прыйшла ў прафесію не так даўно, але ўжо паспела заслужыць павагу як сярод падапечных, так і калег.
Родам сацыяльны работнік са Смятаніч. Пасля заканчэння мясцовай школы паступіла ў суседнія Калінкавічы вучыцца на кухара. Пасля вучобы некаторы час працавала па спецыяльнасці ў Ляскавічах. Аднак сямейныя абставіны ўнеслі свае карэктывы: стаўшы маці, жанчына засяродзілася на выхаванні дзяцей. Калі з сям’ёй пераехала ў райцэнтр, вырашыла асвоіць новую прафесію – сацыяльнага работніка. Для гэтага Марына Пятроўна прайшла адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі, якія дапамаглі ёй атрымаць неабходныя веды і навыкі. Нягледзячы на тое, што ў прафесіі яна толькі тры гады, яе добразычлівасць, адказнасць і зрабілі яе паважаным спецыялістам.
Але акрамя прафесійных дасягненняў, зямлячка можа па праву ганарыцца і сваёй роляй маці, чацвёра дзяцей – Дарына, Мікіта, Алёна і Мацвей – з’яўляюцца яе сапраўдным шчасцем. У мітусні штодзённых клопатаў дзеці даюць ёй сілы, натхненне і сэнс жыцця.
Менавіта ў гэтым зліцці двух светаў – прафесійнага і асабістага – і раскрываецца ўся глыбіня прызвання маёй гераіні. Яно заключаецца ў самым простым, але самым важным – у здольнасці аддаваць цяпло сваёй душы.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аутара.








Оставить комментарий