Ціхі чэрвеньскі ранак 1941 года: першыя промні сонца толькі-толькі выглядваюць з-за гарызонту, дрэмле няспешная Прыпяць, удалечыні прачнуўся ранні птах і вітае наваколле сваёй песняй. Раптам недзе на захадзе раздаюцца далёкія адгалоскі выбухаў, глухія, як грукат нябачнага грому, ды ў ранішнім небе павісла нейкая незразумелая трывога, паветра трымцела і непакоілася.
А 12 гадзіне з усіх радыё-прыёмнікаў раздалося страшэннае слова “вайна” – суровы голас народнага камісара замежных спраў Вячаслава Молатава паведамляў аб вераломным нападзе нямецкіх войскаў на СССР. Нема загаласілі жанчыны, суровымі і цяжкімі сталі позіркі мужчын, занепакоена азіраліся дзеці, якія яшчэ не ведалі, што значыць гэта слова. Пасля першага паведамлення нейкі ўсеагульны ступар і непрыняцце, пыталі адзін у аднаго: “Праўда?! Можа памылка?” Але праз гадзіну голас Юрыя Левітана, які стане сімвалам Савецкага інфармбюро на ўсе ваенныя гады, паўторыць гэта паведамленне. А потым зноў і зноў – яно прагучыць 9 разоў за гэты страшэнны дзень. Сумненняў не было: вайна!
А Петрыкаўшчына толькі паднялася з руін пасля пагромаў 20-х гадоў, аправілася пасля ваенных падзей, наладзіла вытворчасць і сельскую гаспадарку. Два квітнеючыя раёны ўключаў ў сябе наш рэгіён: Петрыкаўскі з насельніцтвам 49,9 тысячы чалавек, і Капаткевіцкі – 39,6 тысячы. Агульная колькасць сельскіх саветаў – 27, адзін местачковы і адзін гарадскі савет. У двух раёнах працавалі пры прадпрыемствах 5 электрастанцый, цагельны завод, судабудаўнічая верф, фанерны завод “Звязда”, лесазавод “Смычок”, Чалюшчавіцкі, Камаровіцкі і Дарашэвіцкі вінакурныя заводы, дрэаваапрацоўчая і шавецкая арцелі, ляспрамгас. Пад сельскай гаспадаркай было задзейнічана 314,610 тысяч гектараў зямлі. Вырас сацыяльны дабрабыт насельніцтва. На тэрыторыі сучаснай Петрыкаўшчыны працавала 125 школ рознай ступені, 8 дзіцячых садкоў, 10 клубаў, 2 дамы сацкультуры, 9 хат-чытальняў, 4 бальніцы на 80 ложкаў, 8 урачэбных амбулаторый, 5 здраўпунктаў і 7 фельчарскіх пунктаў. Насельніцтва абслугоўвалі 26 дзяржаўных і 99 крам спажывецкай кааперацыі. Кожны з раёнаў друкаваў сваю газету: “Калгаснік Петрыкаўшчыны” і “Бальшавік”.
…Вайна парушыла спакойнае жыццё, пачалася мабілізацыя і эвакуацыя дзяржаўнай маёмасці. Мужчыны ішлі да ваенных камісарыятаў у Капаткевічах і Петрыкаве, адкуль адпраўляліся да чыгуначных станцый Муляраўка і Пціч. Кіраўнікі прадпрыемстваў рыхтавалі для эвакуацыі маёмасць, старшыні калгасаў – жывёлу. Эвакуацыя замаруджвалася тым, што чыгунка была перагружана ваеннымі эшалонамі, нямецкія самалёты здзяйснялі рэгулярныя налёты на станцыі. Але ўсё ж значную частку маёмасці ўдалося вывезці. Буйную рагатую жывёлу актывісты і камсамольцы гналі пешшу. Уявіце сабе: сотні галоў, тысячы кіламетраў, налёты фашысцкай авіацыі – а яны ішлі і гналі статкі, ратавалі іх ад пражэрлівых нямецкіх войскаў.
Рашэннямі райкамаў партыі на тэрыторыі раёнаў былі створаны знішчальныя батальёны, якія сачылі за парадкам у раённых цэнтрах, на мабілізацыйных пунк-тах, кантраляравалі плаўсродкі, адсочвалі падазроных асоб. Акрамя гэтага ў Петрыкаве быў створаны і атрад народнага апалчэння з мужчын непрызыўнога ўзросту, супрацоўнікаў судаверфі і цагельнага завода ў колькасці 60-ці чалавек. Яны займаліся рамонтам дарог і мастоў па шляху перамяшчэння нашых войскаў.
Петрыкаўшчына не панікавала, яна кансалідавалася, прыкладала ўсе намаганні для дапамогі фронту і верыла ў перамогу.
У гэты час ніхто яшчэ не ведаў, што адтуль, з захаду, ідзе не вораг, ідуць нелюдзі, якія будуць катаваць, здзекавацца, нішчыць. Ні старыя, ні жанчыны, ні дзеці не будуць мець у гэтых катаў спачування. Гэта будзе пекла на зямлі…
Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.






Оставить комментарий