Ганконгская міжнародная турыстычная выстава “ITE” 2026 – шырокае поле магчымасцяў для развіцця турыстычнага патэнцыялу. У гэтым годзе на пляцоўцы форума Рэспубліку Беларусь прадставілі Нацыянальнае агенцтва па турызме, вядучыя тураператары “Прайм Тур” і VS Global, прэміум-гатэль “Waldorf Astoria Minsk” і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Спецыялісты аддзела турызму НП “Прыпяцкі” Вераніка Цімашчэня, Вольга Зухта і паляўніцтвазнавец Расціслаў Малайчук прадстаўлялі патэнцыял нашай “візітнай карткі Палесся” на пляцоўцы Hong Kong Convention and Exhibition Centre. Праграма была насычанай: прэзентацыі і дэманстрацыі турыстычных маршрутаў, экалагічных праграм і паслуг, паказы відэаматэрыялаў і фотасправаздач аб прыродных асаблівасцях краю.
У рамках удзелу ў мерапрыемстве былі дадзены інтэрв’ю мясцовым СМІ (“China Daily”, “Economics Section”), праведзены перамовы з прадстаўнікамі тураператараў з Кітая, Японіі, Паўднёвай Карэі, Казахстана, абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва. Вераніка Цімашчэня адзначыла:
– Першыя два дні прайшлі ў актыўным узаемадзеянні з турправайдэрамі, апошнія – з патэнцыяльнымі турыстамі. У кожнай з азіяцкіх краін свае прыярытэты: прадстаўнікі Казахстана схіляюцца да паляўнічага турызму, а Кітай, Японія і Паўднёвая Карэя цікавасць выказалі да экалагічнага напрамку, спуску на байдарках, знаёмства з беларускай прыродай. Між тым, агульны інтарэс да патэнцыялу беларускага Палесся быў вялікі як з боку тураператараў, так і з боку наведвальнікаў. У рамках воркшопа адбылася прэзентацыя НП “Прыпяцкі”, расказ пра прыродныя і культурныя асаблівасці, дэманстрацыя ўнікальных прапаноў для азіятскіх турыстаў, дыскусія з удзельнікамі пра магчымасці супрацоўніцтва.
У “скарбонцы набыткаў” парку па выніках форума – банк дадзеных турыстычных агенстваў для далейшага ўзаемадзеяння, сустрэчы з генеральным консулам Дар’яй Богдан і віцэ-консулам Мікітам Петручэнем, старшынёй праўлення “Дзелавы Альянс Усходняй Еўропы” Уіліямам Імам. Гэта дазволіла не толькі атрымаць рэкамендацыі па рабоце з кітайскімі партнёрамі, скаардыніраваць дзеянні з консульствам, а і абмеркаваць магчымасці сумеснага прасоўвання турыстычных паслуг і вызначыць напрамкі для распрацоўкі агульных маршрутаў.
Трэба адзначыць, што буйныя правайдэры турпаслуг Ганконга і паўднёвых правінцый Кітая актыўна разглядаюць Беларусь як цікавы і запатрабаваны напрамак турыстычных патокаў.
Такім чынам, наш Нацыянальны парк адкрывае новыя гарызонты міжнароднага супрацоўніцтва.
Надзея СІГАЙ, фота з архіва Нацыянальнага
парку “Прыпяцкі”.






Оставить комментарий