Надышоў сакавік, у гарадскім парку Петрыкава з-пад снегу празірнулі рэшткі замкавых збудаванняў. Гэтыя артэфакты – жывыя сведкі слаўнай гісторыі Петрыкаўшчыны, у якой значную ролю адыгрывалі жанчыны.

У адзін з дзён карэспандэнты “ПН” накіраваліся ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Петрыкава”, каб у рамках адзінага ўрока “Беларуская жанчына – сімвал сілы
і натхнення” прэзентаваць вучням праект раённай газеты, прысвечаны Году беларускай жанчыны “Жанчыны ў гісторыі Петрыкаўшчыны”. Цэнтрам увагі сустрэчы сталі тры выбітныя асобы: Сафія Слуцкая, Зофія Друцкая-Горская і Эма Яленская (Дмахоўская).

Пазнавальны ўрок ад раённага выдання
Для вучняў старэйшых класаў адзіны ўрок, заснаваны на гістарычным мясцовым матэрыяле, – гэта цудоўная магчымасць зразумець, што гісторыя не далёкія рэчы, а тое, што побач. А для раённага выдання мерапрыемства такога роду – сувязь з аўдыторыяй, прапаганда рэдакцыйнага праекта, магчымасць атрымаць зваротную сувязь з чытачамі газеты і падпісчыкамі сацыяльных сетак. Разам з карэспандэнтамі падлеткі паразважалі на тэму ролі жанчыны ў жыцці грамадства з даўніх часоў і да нашых дзён.
Выклікала цікавасць вучняў інтэрактыўная хвілінка “Ажыўшая фотакартка”.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся з карэспандэнтамі думкамі на тэму “Тры словы пра беларускую жанчыну”.

Пазнавальны ўрок ад раённага выдання

Даведка
Зофія Друцкая-Гурская
Зофія Друцкая-Горская была другой жонкай Крыштафа Хадкевіча, уладальніка Петрыкава. Зофія і Крыштаф, не перашкаджаючы дзейнасці праваслаўных храмаў, пабудавалі ў Петрыкаве ўніяцкую царкву, пры якой ў 1630 годзе была адкрыта школа для дзяцей уніятаў. У 1638 годзе муж і жонка заснавалі каталіцкі касцёл Благавешчання ў мястэчку Петрыкаў і адчынілі пры ім плебарыю – прыход касцёла.
Дзейнасць Зофіі Друцкай-Горскай садзейнічала распаўсюджанню адукацыі сярод простага насельніцтва Петрыкава.
Эма Яленская (Дмахоўская)
Эмілія Казіміра Жыгімонтаўна Гектараўна Маркаўна Яленская нарадзілася ў маёнтку Камаровічы. Дзяўчына часта наведвала Вільню, была знаёма з этнографамі і фалькларыстамі Янам Карловічам і Зыгмунтам Вольскім. Пад іх уплывам яна пачынае займацца збіраннем народных песен і казак. Як вынік – 11 сшыткаў запісаных песень, два рукапісных зборніка казак.
У этнаграфічным нарысе “Вёска Камаровічы” апісана матэрыяльная і духоўная культура, звычкі і характар палешукоў. Нарыс быў надрукаваны ў 1891 годзе ў польскамоўным часопісе “Вісла”. А ў 1895 годзе ў французскім часопісе “Традыцыя” ўбачыў свет артыкул “У палескай вёсцы” і 8 народных песен, перакладзеных на французскую мову Эмай Яленскай.
І хаця Эма Яленская-Дмахоўская пісала на польскай і французскай мове, яе ўклад у захаванне этнаграфічнай і фальклорнай спадчыны Палесся цяжка пераацаніць.

Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о