З “Петрыкаўскімі навінамі” па жыцці

0
418

50 гадоў супрацоўнічае з раённым выданнем Аляксей Каюкала, наш пастаянны падпісчык, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Нашым даўнім сябрам пачынаем рубрыку “З Петрыкаўскімі навінамі па жыцці”.
Думкамі пра свой шлях у раёнцы і пра наша выданне Аляксей Каюкала падзяліўся з чытачамі.

З “Петрыкаўскімі навінамі” па жыцці

Фота з нумара раёнкі ад 16 мая 1991г. Аляксей Каюкала віншуе
з перамогай нашага асілка Уладзіміра Галавача

Зусім хутка наша паважаная “раёнка”, а разам з ёй сённяшні калектыў газеты, адзначыць свой юбілей – 95 гадоў.
Сваё супрацоўніцтва з газетай я пачаў з 1975 года, калі прыйшоў на працу ў раённы савет добраахвотнага сельскага спартыўнага аб’яднання “Ураджай” на пасаду інструктара. Гэтым часам я і паспрабаваў сябе ў ролі “зялёнага” селькора па спорце.
Пашчасціла супрацоўнічаць з выдатнымі рэдактарамі: Рыгорам Вараб’ёвым, Мікалаем Тарасенкам, Іванам Самахвалавым, Пятром Шадурам.
Я заўсёды стараўся расказаць пра кожнае спартыўнае мерапрыемства рознага ўзроўню па гарачых слядах у газеце і на радыё. Акрамя навін спорту, друкаваў я матэрыялы пад рубрыкамі “Юбіляр”, “Пра людзей харошых” – пра тых, хто аддаў лепшыя гады развіццю спорту ў раёне. Яны – наглядны прыклад для падрастаючага пакалення.
Скажу шчыра, выпісваю шмат розных перыядычных выданняў, але як прыдзе пошта, бяру ў рукі адразу “Петрыкаўскія навіны”. Менавіта тут можна знайсці шмат цікавага, навіны раёна, вобласці, краіны і свету.
Сёння калектыў раённай газеты малады, сучасны – чытаць прыемна. Радуе паэтычная старонка, навіны розных галін вытворчасці і шмат іншых цікавых матэрыялаў. З задавальненнем чытаю нарысы нашага натураліста Уладзіміра Пугача – жадаю яму шмат творчых гадоў.
Адной з патрэбных рубрык лічу “Крытычным радком” – правільны накірунак. Словам крытыкі трэба выхоўваць некаторых кіраўнікоў, асобных выканаўцаў – своеасаблівая газетная “мікстура” для грамадства. А ў наступным нумары глядзіш: вось ужо і адказ прыйшоў, усё ўхілілі, малайцы!
Калі вярнуцца да тэмы спорту, то мая прапанова: узнавіць Кубак раённай газеты па футболе. Раней ён праводзіўся сярод каманд працоўных калектываў. З-за адсутнасці цяпер “дарослых” каманд ва ўстановах і арганізацыях, можна ладзіць турнір сярод навучэнцаў старэйшых класаў. Толькі трэба гэтае пытанне добра вывучыць і прапрацаваць, таму што футбольная база ў нас у раёне цудоўная!
Вось на гэтай хвалі, з надзеяй, што ўсё атрымаецца, я і скончу свой матэрыял.
А калектыву рэдакцыі хачу пажадаць моцнага здароўя і творчых поспехаў.
З юбілеем, раёнка!

Аляксей Каюкала.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о