Мудрасць гадоў і цёплыя пажаданні ад Пелагеі Іванаўны

0
1939

Мудрасць гадоў і цёплыя пажаданні ад Пелагеі Іванаўны1 мая “Петрыкаўскім навінам” споўніцца 95. З нагоды юбілею ў пошту “ПН” даходзяць лісты ад землякоў, прысвечаныя надыходзячаму святу. Адзін з такіх – з вёскі Смятанічы. Сацыяльны работнік Вольга Іванова напісала пра сваю падапечную, у якой ёсць агульнае з раёнкай: жанчына святкуе свой дзень нараджэння ў адзін дзень з раённым выданнем. Перадаём слова аўтару.

У вёсцы Смятанічы 1 мая 1936 года нарадзілася Пелагея Іванаўна Арцюх (на фота). Яе жыццё, як і другіх суайчыннікаў таго часу, было нялёгкім. У сям’і расло пяцёра дзяцей. Пелагея – сярэдняя. Са слоў жанчыны: калі пачалася Вялікая Айчынная вайна мірнае насельніцтва праяўляла сапраўдны гераізм.
– Бацька – Іван Фёдаравіч Арцюх быў у партызанах, загінуў у 1943 годзе. Пра тыя цяжкасці, якія перажылі людзі ў гады вайны, не перадаць словамі: голад, холад, страх. Кожны дзень жыхары вёскі “глядзелі” смерці ў вочы, – успамінае жыхарка Смятаніч.
Маці зямлячкі – Марыя Савічна, вельмі перажывала за жыцці дзяцей, кожны дзень малілася за іх. Каб не памерці з голаду, пяклі аладкі з насення конскага шчаўя. Дык тая аладка рассыпалася ў руках. Укінеш у рот, зап’еш вадою – вось і ўся ежа. Маці і дзеці туліліся ў маленькай хаціне, якая стаяла каля мясцовага клуба. Аднойчы немцы сагналі туды некалькі сем’яў, але, дзякуй Богу, праз час адпусцілі і засталіся ўсе жывыя.
Пасля вайны Пелагея Іванаўна скончыла шэсць класаў. У школу хадзіла найбольш у зімовы перыяд, бо ў іншыя месяцы трэба было пасвіць жывёлу і працаваць на полі ў людзей, каб хто даў хлеба. У калгасе дапамагала маці. З чатырнаццаці гадоў была нянькай, працавала на заводзе ў Капцэвічах, у Калінкавічах на чыгунцы, на будоўлі ў вайсковай часці – і ўсюды трэба была не дзявочая сіла. У 1962 годзе пачала працаваць кухоннай рабочай у Муляраўскай сталовай. Кемлівую дзяўчыну хутка заўважылі. І вось – яна ўжо повар. Адначасова дзяўчына вучылася ў вячэрняй школе.
– Пасля прапанавалі мне паспрабаваць сябе ў ролі буфетчыцы. Згадзілася і гэтую пасаду ўжо не мяняла да выхаду на заслужаны адпачынак, – успамінае Пелагея Іванаўна. – Жыла я з сястрой Нінай, якая была першай жартаўніцай на вёсцы і лічылася народным лекарам – трыццаць гадоў лячыла людзей сваімі малітвамі. Два гады таму яе не стала.
Пелагея Іванаўна цікавы суразмоўца. Колькі жыццёвых парад, прыказак, жартаў, павер’яў, кулінарных рэцэптаў яна ведае! Нельга паверыць, што гэтай жанчыне 1 мая споўніцца 90: шчыры, заўзяты смех, жывыя гарэзлівыя вочы, добрая памяць. Яе ніколі не застане знянацку ніякае пытанне – адразу жанчына знаходзіць трапны ці жартаўлівы адказ. Можа, яна такая таму, што раней прачытала амаль усе кніжкі ў Смятаніцкай сельскай бібліятэцы?
Ёй ёсць дзеля каго жыць, кім ганарыцца. Дачка Святлана жыве ў Бабунічах, настаўніца мясцовай школы. Унучка Ірына працуе ў Мінску педыятрам, скончыла магістратуру, абараніла вышэйшую катэгорыю. Унук Дзяніс – начальнік Жыткавіцкага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Ёсць ужо і праўнучак-школьнік. Родныя прыязджаюць часта, прывозяць гасцінцы, дапамагаюць.
У жыцці кожнага чалавека ёсць моманты, калі вопыт і мудрасць, назапашаныя за гады, становяцца галоўным скарбам. З вышыні свайго вопыту Пелагея Іванаўна звяртаецца да землякоў з простымі словамі:
– Жывіце з любоўю і верай у душы. Радуйцеся кожнаму пражытаму дню.
Не засталася без увагі нашай зямлячкі і газета “Петрыкаўскія навіны”. Доўгажыхарка, як адданы чытач, напярэдадні юбілею жадае газеце надалей заставацца запатрабаванай і любімай у землякоў і дорыць свае вершаванныя радкі:
Я з раёнкай – юбіляры?
Як няўмольна час бяжыць!
Мне здаецца, што ўчора
Пачалі мы з ёю жыць.

У кожнага выдання ёсць верныя падпісчыкі, якія становяцца сапраўднымі сябрамі і падтрымкай. Рэдакцыя “Петрыкаўскіх навін” выказвае падзяку Пелагеі Іванаўне, яе сацыяльнаму работніку за іх ўвагу да раённай газеты.
Кожны такі ліст – гэта для нас найлепшая ўзнагарода і стымул да далейшага развіцця.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о