У першы дзень вясны сцены раённага фізкультурна-аздараўленчага комплексу напоўніліся звонкімі галасамі і спартыўным азартам. Тут прайшоў традыцыйны валейбольны турнір “Самыя прыгожыя, самыя спартыўныя”, прымеркаваны да Міжнароднага жаночага дня. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам яркага свята выступіла раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын.
На пляцоўцы сустрэліся каманды ДУА “Гімназія г.Петрыкава” і “Сярэдняя школа №2”, УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”, БРСМ і ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Аматары спартыўнага ладу жыцця і прыхільнікі валейболу даказалі: жанчына можа быць не толькі далікатнай, але і валявой, моцнай і неверагодна мэтанакіраванай. Цягам амаль 5-ці гадзін доўжылася супрацьстаянне за званне лепшай валейбольнай дружыны раёна. Кожная падача і кожны забіты мяч суправаджаліся бурай эмоцый балельшчыкаў.
Пасля фінальнага свістка валейбалісткі змянілі спартыўны азарт на святочны настрой, прымаючы заслужаныя ўзнагароды: кубкі, дыпломы, медалі, салодкія падарункі, каб аднавіць сілы пасля гарачых баталій, і цёплыя віншаванні.
У напружанай барацьбе перамогу заваявала каманда Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, другое месца ў прадстаўніц каманды ДЮСШ, а бронза турніру дасталася зборнай БРСМ. Зрэшты, як адзначылі арганізатары, прайграўшых у гэты дзень не было.
Загадчык сектара спорту Таццяна Харланава падчас цырымоніі ўзнагароджання каманд-удзельніц пазначыла:
– Наш турнір – не проста пра ачкі і секунды. Гэта пра вясновае абнаўленне, пазітыў і адзінства. Няхай спорт дае вам сілы, а вясна ў душы дапамагае заўсёды заставацца такімі ж актыўнымі і поўнымі жыцця. Дзякуй, шаноўныя, за вострыя гульнявыя моманты, за напружанне і адрэналін, якімі суправаджаліся ўсе гульні турніру.
Старшыня раённай арганізацыі БСЖ, віншуючы ўдзельніц з паспяховым фіналам спартыўнага дня, падзякавала за шчырую любоў да спорту і тую неверагодную энергію, якую яны падаравалі балельшчыкам. Лідар райарганізацыі пазначыла:
– Гэты турнір чарговы раз пацвердзіў: нашы жанчыны – гэта энергія і будучыня Беларусі. Дзякуй вам, мілыя жанчыны і дзяўчаты, што, спалучаючы ў сабе прафесіяналізм, мацярынства і грамадскую актыўнасць, вы знаходзіце час для спорту, зараджаючы сваім прыкладам іншых.
Сапраўдным упрыгожаннем спартыўнага свята стала выступленне калектыва «Glushko Dance Studio» і вясновая фотазона ад сектара культуры, якая разгарнулася ў файе ўстановы спорту.
Вясна ў нашым раёне пачалася максімальна прыгожа і актыўна. Віншуем усіх жанчын Петрыкаўшчыны з надыходзячым святам і жадаем, каб кожны ваш дзень быў такім жа яркім і энергічным, як раённы валейбольны турнір.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.







Оставить комментарий