Міжнародны статус і новыя традыцыі

0
115


Міжнародны статус і новыя традыцыіКожны наступны фестываль “Кліч Палесся” адрозніваўся ад папярэдняга і прапаноўваў новыя відовішчы, лакацыі і падзеі, раскрываючы патэнцыял дзівоснага куточка нашай сінявокай Беларусі.

У 2014 годзе фестываль набыў статус міжнароднага. Прапанова аб гэтым паступіла ад Кіраўніка дзяржавы: “Я звяртаюся найперш да дэлегацый Расіі, Украіны і Польшчы.

Давайце зробім гэты фестываль міжнародным. Бог любіць тройцу, з трэцяга фестывалю і пачнем”. Дзякуючы гэтаму свята прыехалі творчыя дэлегацыі і афіцыйныя прадстаўнікі з Расіі, Украіны, Польшчы і нават з далёкага Кітаю. Маштаб уражваў: 1,5 тысячы ўдзельнікаў і каля 20 тысяч гасцей.

Упершыню было заснавана званне “Ганаровы паляшук”, якое дапаўняецца ўручэннем дыплома і статуэткі – фігуры каларытнага жыхара Палесся. Зразумела, што першым, хто атрымаў гэты пачэсны тытул, стаў чалавек, з чыёй лёгкай рукі і з’явілася гэта знакавае мерапрыемства на Палессі – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. І гэта нездарма, бо сам Аляксандр Рыгоравіч звязвае гэты рэгіён з пачаткам станаўлення сябе ў якасці кіраўніка, са сваім “юнацтвам” прэзідэнтства.

Яшчэ адна цікавая традыцыя зарадзілася на ІІІ фестывалі – правядзенне конкурса “Палеская прыгажуня”. Арганізатарам выступіла дзяржаўная ўстанова “Цэнтр моды і прыгажосці” пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама. Конкурс паказаў, што прыгажосць палескіх дзяўчат заўсёды суседнічае з розумам, працавітасцю і творчасцю. Пераможцай конкурсу “Палесская прыгажуня – 2014” стала Валерыя Валынчыц, выкладчык вакалу з Брэстчыны.

Ужо традыцыйна асноўнымі героямі сталі творчыя калектывы і рамеснікі, захавальнікі спрадвечнай палескай спадчыны. На шырокай наберажнай аграгарадка Ляскавічы разгарнуўся цэлы этнаграфічны “гарадок”, дзе кожны з 11 палескіх раёнаў прадставіў інтэрактыўныя лакацыі з унікальным мясцовым гумарам, абрадамі і дэгустацыяй традыцыйных страў палешукоў і ўнікальнымі майстар-класамі па традыцыйных палескіх рамёствах.

Надзея СІГАЙ,
фота з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о