55 тысяч удзельнікаў і гасцей, 9 гектараў плошчы – на Петрыкаўшчыне адбыўся ІХ Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.
На беразе хуткаплыннай Прыпяці разгарнулася шматгалосае, шматлюднае, з палескім каларытам мерапрыемства. Нібы аднекуль з глыбінь стагоддзяў з’явіліся дзіўным чынам колішнія паляшуцкія падворкі, жыхары ў спрадвечным адзенні ды адмысловыя майстры, што пранеслі свае сакрэты праз безліч гадоў. І калі ў паўсядзённым жыцці падасца, што сышлі ў нябыт традыцыі, абрады, рамёствы і промыслы – не верце. Той, хто наведаў фестываль, у гэтым упэўніўся.
Над прасторай уладарыла песня. Яна сустракала сваім гучаннем яшчэ здалёк: спрадвечная, палеская, шматгалосая, вясёлая і лірычная, пра жыццё-быццё. І чымсьці шчымлівым і родным адгукаліся ў сэрцы кожнага, хто быў тут, галасы соцень удзельнікаў калектываў Гомельшчыны і Брэстсчыны.

Калі госці падыходзілі бліжэй да аўтэнтычных падворкаў пад агульнай тэмай “Сэрца Палесся ў жаночых далонях”, то вочы разбягаліся ад рознакаляровых касцюмаў палескіх жанчын і мужчын. Рэгіён можа і адзін, Палессе, але колькі асаблівасцей у адзенні, убранні, мове, традыцыях і абрадах захавалася сярод яго некалі непраходных балот – тут можна было ўбачыць на свае вочы! Тое ж самае тычыцца і танцаў – і музыка падобная і танцы з адною назваю, але ж на Жыткаўшчыне іх танчаць зусім інакш, чым, скажам, у Лельчыцах або на Століншчыне. Дарэчы, падчас канцэртна-гульнявой праграмы фальклорных калектываў можна было пазнаёміцца з асаблівасцямі танцаў розных рэгіёнаў і паспрабаваць сябе ў гэтай справе.
Цікавых лакацый і пляцовак хапала на любы густ: і для дарослых, і для дзяцей, і для сем’яў. Тэмы таксама былі разнастайныя: “Турыстычнае Палессе”, “Паляванне і рыбалоўства”, квест-пляцоўка “У пошуках Цмока”, дзіцячае свята “Палеская вясёлка” і шмат іншых. Не забыты былі і гады цяжкіх выпрабаванняў – працавала інтэрактыўная пляцоўка “Партызанскі край: жаночы вобраз Перамогі” і тэматычная лакацыя “Палявы кінатэатр”.

Творчая сустрэча з пісьменнікамі Гомельшчыны “Палессе – мая малая радзіма” яскрава паказала шматграннасць творчасці нашых землякоў. Прысутных кранулі лірычныя песні пра Ляскавічы, Петрыкаў і Гомель у выкананні Віктара Задарожнага.
Адным з самых любімых гледачамі за гады існавання фестывалю стаў і відовішчны конкурс – “Палеская прыгажуня”. У гэтым годзе ён сабраў 10 творчых, грацыёзных і прыгожых паляшучак. Пераможцай стала Аксана Арэшчанка з Мазыра, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, першая віцэ-міс – Дар’я Лысенка з Гомеля, студэнтка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, другая віцэ-міс – прадстаўніца Петрыкаўшчыны, Валерыя Таўстунова, студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Мерапрыемствы ладзіліся адразу на некалькіх пляцоўках і ішлі адно за другім. Вечарам колькасць наведвальнікаў не зменшылася, а наадварот вырасла.
Цяжка нават падлічыць, колькі ўдзельнікаў сабрала народная танцавальная вечарына “КаверХорШоу”. Гэта мерапрыемства стала яркім, запамінальным і “гарачым” перадфінальным “акордам”. Расійскі гурт “Казаки делают хиты” і ансамбль “Русский стиль” пры ўдзеле лепшых народных калектываў Беларусі ператварылі гэты вечар у непаўторны і незабыўны. Але сюрпрызы на гэтым не скончыліся: у неба ўзняўся відовішчны святочны феерверк.
А апошні “акорд” – грандыёзнае лазернае шоу на вадзе – ператварыла палескую ноч у рознакаляровую казку: цемра ночы, люстраная роўнядзь вадаёма, жывыя галаграфічныя прамяні, якія праразаюць паветра пад магутны акампанемент музыкі.
Мы не развітваемся з фестывалем “Кліч Палесся”, мы кажам яму “да пабачэння”.
Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.





