Шмат годных і прафесійных механізатараў селі сёлета за штурвалы “караблёў палёў”. Мы працягваем вас знаёміць з героямі жніва. Сярод іх – Уладзімір Акульчык, работнік БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы”.
Сам Уладзімір адзначае, што для яго гэта 12 сезон уборачных работ, таму праца знаёмая, асаблівасці і тонкасці ўборкі розных сельскагаспадарчых культур засвоіў добра. У гэтым годзе экіпажы прапрыемства працуюць на камбайнах па адным. Гэта агульная рашэнне механізатараў, якое ніякім чынам не пагаршае ход работ.
Камбайнеры самастойна рыхтуюць тэхніку ўранні і ў час выязджаюць у поле.
Вось ужо шосты год Уладзімір працуе на магутным камбайне КЗС-1218 холдынгу “Гомсельмаш”. Механізатар з задавальненнем распавядае пра сваю тэхніку:
– Камбайн магутны, з высокай прадукцыйнасцю. Вельмі станоўчым з’яўляецца наяўнасць кандыцыянера і герметычнасць: спёка, вецер, шум звонку – не перашкаджаюць працы. Акрамя гэтага ў кабіне камбайна маецца відэаназіранне за працоўнымі зонамі, аўдыёсістэма. Рулявая калонка і крэсла на пнеўмападвесцы з рэгуляваннямі дазваляюць наладзіць сваё працоўнае месца індывідуальна і адчуваць сябе камфортна падчас жніва. Тэхніка добрая і сучасная, нараканняў няма. Гаспадарка клапоціцца пра працаўнікоў – у поле дастаўляюць абеды двойчы ў дзень, пітную ваду.
Уладзімір сам мясцовы, нарадзіўся ў вёсцы Сякерычы Колкаўскага сельскага савета, там жа атрымаў базавую адукацыю. Пасля службы ў арміі ад сельгаспрадпрыемства быў накіраваны на курсы трактарыстаў. З таго часу штурвал сельгастэхнікі стаў яго лёсам. Зараз Уладзімір пражывае ў аграгарадку Колкі. З рэарганізацыяй сельгаспрадпрыемства і далучэннем яго да БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” машынна-трактарны парк значна абнавіўся. На новай тэхніцы працаваць у радасць. Уладзімір адзначае:
– Амаль увесь час заняты на палявых работах: ворыва, дыскаванне і іншыя віды палявых работ. А з пачаткам жніва па традыцыі перасаджваюся ў кабіну камбайна. Праца прыносіць задавальненне і асалоду, а добры заробак дазваляе жыць годна і ў сельскай мясцовасці.
Уладзімір Леанідавіч неаднаразовы камбайнер-“тысячнік”, які першым сярод калег дабіваўся такога высокага намалоту. І ў гэтым годзе механізатар не збіраецца збаўляць тэмпу.
– Мы працуем не дзеля таго, каб атрымаць пачэснае званне. Ва ўборачнай важна не толькі колькасць, але і якасць. Кожнае зернетка павінна заняць сваё месца ў бункеры камбайна, а не застацца ў полі, – адзначыў Уладзімір Акульчык напрыканцы размовы.
Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.







Оставить комментарий