
Свята хлебаробаў сёння прымаюць гасцінныя Калінкавічы і на галоўную сцэну падымуцца лепшыя з лепшых. Сярод герояў дня – намеснік дырэктара па раслінаводстве СУП “Палессе-Аграінвест” Іван Фешчанка.
“Палессе-Аграінвест” па праве лічыцца адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Статус лідара накладвае на кіраўніцтва вялікую адказнасць, асабліва ў такой складанай галіне, як раслінаводства. Пасадзіць у тэрмін, своечасова ўнесці ўгнаенні, сабраць ураджай без страт, пры гэтым укараняць новыя тэхналогіі і трымаць руку на пульсе айчынных аграрных навінак – зона адказнасці Івана Фешчанкі. Задача не з лёгкіх, але яна цалкам пад сілу маладому і мэтанакіраванаму спецыялісту.
Лічбы – лепшы паказчык эфектыўнасці працы. Намеснік дырэктара дзеліцца вынікамі сезона, якія сведчаць пра стабільнасць і рост гаспадаркі:
– У гэтым годзе пад зерневыя культуры было адведзена 4269 гектараў. Валавы збор склаў 12 194 тоны пры ўраджайнасці 28,5 цэнтнера з гектара. Асабліва радуе рапс: пад яго было выдзелена 600 гектараў, намалочана 1515 тон. Калі параўноўваць з мінулым годам, то па гэтай культуры сельгаспрадпрыемства спрацавала ў два разы больш эфектыўна.
Станоўчая дынаміка назіраецца па ўсіх пазіцыях: ураджайнасць зерневых у параўнанні з мінулым годам вырасла на 2 цэнтнеры, а па рапсе – на 4 цэнтнеры з гектара. Не застаецца па-за ўвагай і кармавая база, якая з’яўляецца фундаментам жывёлагадоўлі – у гаспадарцы ўтрымліваецца больш за 10700 БРЖ і 10200 галоў свіней. Па стане на 1 верасня нарыхтавана 1290 тон сена, 19 630 тон сенажу і 7350 тон сіласу. Праца па нарыхтоўцы кармоў працягваецца.
Суразмоўца з запалам расказвае пра лічбы, пасевы, севазварот і ўгнаенні. Інфармацыя з яго вуснаў “сыплецца” лёгка і натуральна – гэтыя складаныя паказчыкі ён ведае на памяць. Так гавораць толькі людзі, якія жывуць сваёй справай.
Напэўна, у лёсе майго героя не магло быць інакш.
Сям’я, у якой вырас аграрый, была звязана з сельскай гаспадаркай. Бацька працаваў аграномам у КСУП “Камаровічы”. Апошняе месца працы маці звязана з ідэалагічнай работай на тым жа прадпрыемстве. Абое фарміравалі ў дзяцей павагу да вясковай працы і разуменне яе значэння.
Бацькі мелі вышэйшую адукацыю, і гэта стала для іх траіх дзяцей не толькі прыкладам, але і пэўнай матывацыяй. Пасля заканчэння Камаровіцкай школы дочкі пайшлі ў педагагічныя ВНУ, а сыну бацька прапанаваў установу, якую некалі заканчваў сам – Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.
Юнак быў не супраць працягнуць справу бацькі. Вучоба ў акадэміі на агратэхнічным факультэце стала для земляка прафесійным станаўленнем, дапамагла зразумець, што ў раслінаводстве важна не толькі ведаць усталяваныя правілы, але і прымяняць новае, граматна планаваць, не баяцца эксперыментаваць. Менавіта з такім настроем малады, перспектыўны і ў меру амбіцыйны спецыяліст прыйшоў сямнаццаць гадоў таму ў СУП “Палессе-Аграінвест на пасаду намесніка дырэктара.
– Добры ўраджай, безумоўна – вынік працы многіх людзей. За кожнай лічбай – ранняя падрыхтоўка глебы, своечасовая сяўба, неабходнае агратэхнічнае абслугоўванне пасеваў і, канешне, шчырая аддача людзей, – працягвае размову перадавік вытворчасці. – Я ганаруся тым, што прагнозы апраўдаліся. Мы разлічвалі на канкрэтныя паказчыкі – і дабіліся іх. А гэта значыць, што планаванне ў нас – рэальны інструмент кіравання.
Важным фактарам стабільнасці суразмоўца лічыць высокую выканальніцкую дысцыпліну і тое, што работнікі самі зацікаўлены ў выніку.
– Ад выніку напрамую залежыць заработная плата, сацыяльныя гарантыі, – тлумачыць ён. – А з гэтым на прадпрыемстве ўсё станоўча і стабільна. Работнікі ведаюць: працуеш старанна – будзе аддача. Таму і дысцыпліна тут не навязаная зверху.
Праца ў сельскай гаспадарцы – гэта не пра графік з 8 да 17. Гэта пра рэаліі, калі планёрка пачынаецца ў палавіну сёмага раніцы, калі справы на палях набіраюць такі абарот, што час для сябе цяжка знайсці. Іван Фешчанка не хавае: каб на яго пасадзе было ўсё “па палічках”, даводзіцца адмаўляцца ад многага: сустрэч, адпачынку, хобі.
Але ёсць месца, дзе герой аповеду не хоча ні пра якія планы і тэрміны думаць – сямейнае гнёздышка. Калі размова заходзіць пра жонку і дзяцей, мужчына расцвітае ва ўсмешцы – і гэта лепшы сведка таго, што для яго сапраўды важна. Жонка Марына – педагог дадатковай адукацыі ў Петрыкаўскім Цэнтры творчасці, чалавек творчы і крэатыўны. Сям’я Фешчанка – шматдзетная, і гэта выклікае павагу да землякоў. Дачка Вікторыя нядаўна пайшла ў першы клас – і для бацькоў гэта асобны этап, поўны хваляванняў і радасці. Сыны Аляксандр і Дзмітрый наведваюць дзіцячы садок, і бацька стараецца не прапусціць нічога ў іх дашкольным жыцці, нават калі дзень забіты “пад завязку”.
– Бывае, што дадому прыходжу позна. На плечы супругі кладзецца шмат абавязкаў – прызнаецца суразмоўца. – Але я стараюся выкарыстоўваць любую магчымасць, каб пабыць лішнюю хвілінку з самымі роднымі людзьмі.
Сёння на “Дажынках-2026” пад гучныя апладысменты наш герой атрымае заслужаную ўзнагароду. Успамінаю апошнія хвіліны інтэрв’ю з аграрыем. На пытанне: “У чым сакрэт яго поспеху на прафесійнай ніве?”, суразмоўца павёў плячыма: “Ніякага сакрэту няма. Трэба верыць у свае сілы. Калі ў цябе добрае насенне і добрыя людзі, будзе і добрае збожжа”.
Няхай гэта будзе далёка не апошняя адзнака ў працоўнай біяграфіі Івана Фешчакі, а нівы Петрыкаўшчыны – багатымі на ўраджай.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.




