Надзейнасць, правераная часам

0
759

2026 год для ААТ “Белаграпрамбанк” – юбілейны: установа адзначае 35-годдзе з дня заснавання. Тры з паловай дзесяцігоддзі на фінансавым рынку – гэта, пагадзіцеся, не проста лічба, а вялікі шлях, які банк прайшоў разам са сваёй краінай, працуючы на карысць людзей, пераадольваючы выклікі і развіваючыся.
Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з начальнікам цэнтра банкаўскіх паслуг № 325 Ігарам Карасевічам, каб згадаць вехі гісторыі і даведацца, чым жыве фінансавая ўстанова сёння.

Хроніка станаўлення і развіцця
– Гісторыя адкрытага акцыянернага таварыства “Белаграпрамбанк” бярэ свой пачатак у верасні 1991 года, – пачынае свой аповед начальнік ЦБП Ігар Карасевіч. – Думаю, многія памятаюць, што гэта быў непрадказальны ў фінансавым плане час. І тым не менш, да канца 1991 года малады Белаграпрамбанк стаў адным з сістэмаўтваральных банкаў рэспублікі, а яго рэгіянальная сетка пачала імкліва пашырацца, ахопліваючы ўсе ключавыя раёны краіны.
Першым упраўляючым банка быў Міхаіл Паўлавіч Лугоўскі.
Як распавёў падчас сустрэчы Ігар Леанідавіч, з першых дзён працы банк узяў на сябе комплекснае крэдытна-разліковае абслугоўванне прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, арганізацый іншых галін і, вядома, насельніцтва. З часам колькасць паслуг пастаянна павялічвалася, укараняліся новыя тэхналогіі, пашыралася кліенцкая база, наладжвалася і ўмацоўвалася супрацоўніцтва.
– Мы заўсёды ішлі і працягваем ісці ў нагу з часам, таму і праз 35 год Белаграпрамбанк застаецца сучасным і запатрабаваным дзяржаўнымі прадпрыемствамі, бізнесам і простымі грамадзянамі. Магу з упэўненасцю сказаць, што мы патрэбны краіне і раёну.

Залаты фонд ЦБП
Азіраючыся на пройдзены шлях, сённяшні калектыў ЦБП з цеплынёй успамінае тых, хто стаяў ля вытокаў і доўгія гады быў надзейнай апорай банка. Гэта Міхаіл Паўлавіч Лугоўскі, Вера Аляксандраўна Сілівонец, Ніна Пятроўна Папко, Святлана Валянцінаўна Маскальчук, Валянціна Лаўрэнцьеўна Маставая, Валянціна Пятроўна Ліпская, Ніна Сямёнаўна Руцкая, Раіса Сяргееўна Шаўкунова, Раіса Валянцінаўна Сцяфняк, Надзея Аляксандраўна Хоміч, Ніна Андрэеўна Пінчук, Валянціна Андрэеўна Каюкала.
Іх стаж працы ў банку вылічаецца дзесяцігоддзямі, у калег і кліентаў яны, па словах прафсаюзнага лідара Ірыны Талаш, заваявалі бясспрэчны аўтарытэт.

Мой банк – мая сям’я і каманда
– Асобная старонка гісторыі нашага банка – гэта сямейныя дынастыі, а іх у нас за 35-гадовую гісторы ні многа ні мала – 6! Гэта дынастыя Папко, Маскальчук-Малок, Сілівонец-Курловіч-Хоміч, Пінчук-Міцкевіч-Каюкала, Шаўкунова-Голуб, Лугоўскіх. Агульны іх стаж складае больш за 500 гадоў, – не без гонару распавёў Ігар Леанідавіч.
Абапіраючыся на традыцыі, закладзеныя старэйшымі калегамі, сённяшні калектыў паспяхова выконвае пастаўленыя задачы.
– Цэнтр банкаўскіх паслуг № 325 – гэта згуртаваны, прафесійны і па-сапраўднаму адданы сваёй справе калектыў, – кажа Ігар Леанідавіч. – Аддзелам рознічных продажаў кіруе Марына Голуб, у яе ў падпарадкаванні зладжаная каманда спецыялістаў па абслугоўванні прыватных кліентаў. Гэта Таццяна Пархоменка, Ірына Талаш, Алена Маркулевіч, Тамара Рудзько, Наталля Міцкевіч, Ганна Міцура, Ангеліна Рэгілевіч. Нашы работнікі – сапраўдныя прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу і ўмеюць працаваць з людзьмі. Яны заўсёды вас сустрэнуць з усмешкай, дадуць кансультацыю па любым прадукце, аформяць дэпазіт і крэдыт, банкаўскую карту, страхоўку, дапамогуць з аплатай камунальных плацяжоў.

Родны банк
“Белаграпрамбанк” пазіцыянуе сябе як “родны для кожнага”.
Быць “родным”, па словах дырэктара, – значыць браць на сябе адказнасць за фінансавы дабрабыт пенсіянераў, за смелыя стартапы моладзі і за стабільнасць нашых прадпрыемстваў і ўстаноў.
Гэтая канцэпцыя рэалізуецца ў што-дзённай працы з жыхарамі Петрыкава – ад першакласніка і пенсіянера з іх першай картай, да гаспадара аграсядзібы і кіраўніка, за якім стаіць калектыў.
Сапраўды, даволі шмат кліентаў выбіраюць яго асноўным фінансавым партнёрам для сябе, сваіх сем’яў, арганізацый і прадпрыемстваў цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Такая вернасць – лепшы доказ надзейнасці банка.

Паміж імі – дзесяцігоддзі даверу
– Прадпрыемствы – гэта шкілет эканомікі, а банк – яе крывяносная сістэма. Пачынаць справу з “родным” банкам – гэта як будаваць дом на правераным падмурку. Наша сувязь з прамысловымі гігантамі раёна кавалася дзесяцігоддзямі. Мы разумеем спецыфіку: ад маштабных інвестыцый у вытворчасць да аператыўнага абслугоўвання кліентаў, – пазначыў Ігар Карасевіч.
Сярод буйных кліентаў ЦБУ – Нацпарк “Прыпяцкі”. Чаму ў якасці фінансавага партнёра на працягу многіх гадоў вы выбіраеце менавіта Белаграпрамбанк – з гэтым пытаннем мы звярнуліся да генеральнага дырэктара прыродаахоўнай установы Юрыя Апановіча.
– Нацыянальны парк – гэта складаны механізм: турызм, ахова прыроды, дрэваапрацоўка. Белаграпрамбанк на працягу многіх гадоў выступае нашым надзейным партнёрам. Маючы вялікія магчымасці ў фінансавай сферы, дае магчымасць прыцягваць на выгадных умовах крэдытныя сродкі і валодае важнай якасцю – аператыўнасцю. Што да апошніх гучных рэалізаваных праектаў, то для развіцця інфраструктуры ўстановы банкам былі прадстаўлены льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля.
Ведаеце, у бізнесе важныя не толькі лічбы, але і людзі. Спецыялісты банка адрозніваюцца высокай кампетэнтнасцю. За доўгія гады супрацоўніцтва ўсе патрэбы нашага фінансавага абслугоўвання ім вядомы, а механізмы – адпрацаваны.
Магчыма, не ўсе ведаюць, што “Белаграпрамбанк” удзельнічае як спонсар у фестывалі “Кліч Палесся”. Я хацеў бы пажадаць супрацоўнікам ЦБУ №325 у далейшым упэўнена весці сваю ўстанову да развіцця і пашырэння. Няхай колькасць кліентаў павялічваецца, а аб’ём здзелак у грашовым выражэнні толькі расце. Мірнага неба над галавой, здароўя, дабрабыту і дастатку!

Надзейнасць, правераная часам

Спектр паслуг – шырокі
Шырокі спектр банкаўскіх паслуг ААТ “Белаграпрамбанк” прапануе для фізічных асоб. Гэта тэрміновыя банкаўскія ўклады, крэдыты на спажывецкія патрэбы і тавары айчыннай вытворчасці, на развіццё аграэкатурызму і асабістых падсобных гаспадарак.
Набірае папулярнасць крэдытаванне на набыццё аўтамабіляў маркі Belgee, Geely, Dongfeng і BMG, крэдыты на будаўніцтва і набыццё жылых дамоў і кватэр.
Запатрабаваны аперацыі з банкаўскімі плацежнымі карткамі плацежных сістэм Белкарт, Visa, Mastercard, зарплатныя і пенсійныя карткі, дыстанцыйнае абслугоўванне кліентаў (інтэрнэт-банкінг і мабільны банкінг), валютна-абменныя аперацыі, пераводы і іншыя сэрвісы. Супрацоўнікі ЦБП заўсёды знойдуць цікавую прапанову для наведвальніка, бо прадуктаў для кліентаў вельмі шмат. Кожны, хто прыйдзе ў Белаграпрамбанк, атрымае кваліфікаваную параду, як граматна распарадзіцца сваімі сродкамі, вырашыць фінансавыя пытанні або прымножыць уласныя зберажэнні.

Праца са старэйшым пакаленнем
У Беларусі сацыяльны дабрабыт і якасць жыцця пажылых грамадзян з’яўляюцца важнейшым прыярытэтам дзяржавы, гэта не раз падкрэсліваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Таму і ў рабоце Белаграпрамбанка асаблівы акцэнт зроблены на клопаце пра людзей старэйшага пакалення. І хоць гэта катэгорыя кліентаў часта ставіцца да грошай з асаблівым хваляваннем, фінансавай установе ўдалося заваяваць іх давер і развеяць страхі перад новымі тэхналогіямі. Для іх банк стварыў спецыяльны прадукт – пенсійную карту “Клопат”. Гэта не проста пластык для атрымання пенсіі, гэта сапраўдны сацыяльны памагаты.
Так, калі вы нешта купляеце ў крамах і разлічваецеся картай “Клопат”, то ад агульнай сумы пакупкі вам выплачваецца манібэк, які можа складаць да 3% ад сумы плацяжу. Між іншым, пералік гандлёвых кропак, у якіх вернуцца грошы на картку, пастаянна пашыраецца.
У Белаграпрамбанку пенсійную картку Белкарт можна бясплатна атрымаць тэрмінам на 6 гадоў. Важна і тое, што банк праінфарміруе аб залічэнні пенсіі з дапамогай бясплатных SMS-паведамленняў. Таксама можна самастойна спампаваць на свой тэлефон банкаўскі дадатак, які зручна выкарыстоўваць для аплаты паслуг.

Для дзяцей і моладзі
Вядома, Белаграпрамбанк не пакідае без увагі і маладое пакаленне. Многія бацькі ведаюць і карыстаюцца дзіцячай ашчаднай праграмай, якой няма ні ў адным іншым банку, “Расці вялікі!”. Сутнасць яе ў тым, што ў банку на імя дзіцяці дарослыя адкрываюць уклад, які расце і прымнажаецца, а юны ўкладчык на кожны дзень нараджэння атрымлівае падарунак ад банка. Удзельнікам акцыі можа быць любое дзіця да 16 гадоў, на якое адкрыта і дзейнічае ўклад “Плюс да стабільнасці”. Прычым, аформіць яго могуць як бацькі ці законныя прадстаўнікі, так і іншыя людзі, напрыклад, бабулі, дзядулі, хросныя. Акрамя таго, удзельнікам праграмы даступны спецыяльныя ўмовы па крэдыце “Студэнцкі” на навучанне дзіцяці, ёсць магчымасць аформіць страхоўку ад няшчасных выпадкаў на льготных умовах, што дае дадатковую абарону.

Надзейнасць, правераная часам

Вучыцца і яшчэ раз вучыцца!
Шмат і сістэмна супрацоўнікі ЦБП №325 працуюць з моладдзю: рэгулярна сустракаюцца са школьнікамі, расказваюць, як правільна размяркоўваць свае грашовыя сродкі, як не стаць ахвярай кібермахляроў, вучаць разбірацца ў анлайн-банкінгу. Сярод вучняў выпускных класаў праводзяць прафарыентацыйную работу. Клапоцячыся аб падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, Белаграпрамбанк ажыццяўляе мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, бонус такой вучобы – гарантаванае працаўладкаванне. А пасля працаўладкавання, калі малады спецыяліст пажадае, ААТ “Белаграпрамбанк” дае яму магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю (завочна) з аплатай за кошт банка да 100%.

Дзякуй за давер
Напярэдадні 35-гадовага юбілею ААТ “Белаграпрамбанк” калектыў ЦБУ № 325 выказвае сваім партнёрам і кліентам вялікую падзяку і ўдзячнасць за шматгадовае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва і жадае ўсім здароўя, стабільнасці і фінансавага дабрабыту.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о