Праязджаючы праз аграгарадок Навасёлкі, немагчыма не заўважыць, як мяняецца яго аблічча. І гаворка тут ідзе не толькі пра тыя работы ў плане добраўпарадкавання, якія вядуцца апошнім часам дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Адчувалася і раней: жыхарам і мясцовай уладзе зусім не абыякавы лёс малой радзімы.
Напярэдадні раённых “Дажынак”, якія пройдуць у дадзеным населеным пункце, карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” сустрэлася са старшынёй Навасёлкаўскага сельскага Савета Ганнай Раманчук, каб даведацца, як удаецца падтрымліваць парадак у Савеце. Закранулі ў размове і крышку асабістага.
– Безумоўна, выдзяленне сродкаў з абласнога бюджэту на добраўпарадкаванне Навасёлак дазволіла вырашыць пытанні, якія патрабавалі значных фінансавых укладанняў: рамонт дарогі, абнаўленне інфраструктуры, грамадскіх месцаў. Жыхары вельмі ўдзячныя за такую ўвагу. Цяпер наша задача захаваць тое, што зроблена, – пачынае размову Ганна Мікалаеўна. – Але ведаеце, прыгажосць і эстэтычнасць населеных пунктаў – гэта працэс бесперапынны. Калі чалавек любіць месца, дзе жыве, ён не будзе чакаць нейкай асаблівай даты, дапамогі ці каманды зверху, каб прыбраць смецце ці пасадзіць кветкі. У Навасёлках жывуць працавітыя людзі. Менавіта іх падтрымка – галоўны рэсурс.
Размаўляючы з кіраўніком мясцовага самакіравання, адчувалася, наколькі яна “хварэе” за свой Савет, і, галоўнае, за людзей, якія тут жывуць.
Між іншым, радзіма маёй гераіні – Жыткаўшчына, але Навасёлкі даўно сталі другім домам, а мясцовыя жыхары – роднымі людзьмі.
А пачыналася ўсё даволі звычайна. Пасля заканчэння роднай Перароўскай школы дзяўчына паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік”. Па размеркаванні малады спецыяліст павінна была адправіцца ў Петрыкаў. Але ў лёс умяшаўся выпадак. Сяброўка папрасіла дзяўчыну памяняцца месцамі працы: ёй вельмі хацелася застацца ў райцэнтры, дзе працаваў яе жаніх. Ганна пайшла насустрач.
2 жніўня 1988 года гераіня артыкула прыехала ў Навасёлкі, каб пачаць працоўную дзейнасць у якасці эканаміста па цэнах у мясцовым спажывецкім таварыстве. У тыя часы гандлёвая сетка ў вёсцы была даволі развітай. Адзін толькі ўнівермаг чаго быў варты! Ганна Мікалаеўна з цеплынёй успамінае той час: калектыў быў дружны, кожны “гарэў” сваёй справай, і новы работнік адразу ўлілася ў працоўны рытм.
Асаблівыя ўспаміны ў жанчыны звязаны з Вольгай Арыновіч, якая прыняла квацярантку як родную дачку, акружыла клопатам і ўвагай. Вольга Уладзіміраўна і сёння, жыве ў аграгарадку і старшыня сельсавета не прамінае адзначыць тую дабрыню, якую атрымала ад зямлячкі.
Ганна Мікалаеўна – прыклад мэтанакіраванасці. Будучы маці дваіх маленькіх дзяцей, у свой час закончыла кааператыўны інстытут, што патрабавала неверагоднай сілы волі і арганізаванасці. У 2002 годзе, калі арганізацыя перажывала няпросты перыяд рэарганізацыі, спецыяліст выконвала абавязкі дырэктара, прымаючы на сябе адказнасць за калектыў у складаны час. Пазней яна працягвала працаваць тавараведам, абслугоўваючы іншыя населеныя пункты раёна.
Жыццё не стаіць на месцы, і ў кастрычніку 2009 года зямлячцы прапанавалі пасаду сакратара ў Навасёлкаўскім сельскім Савеце, што стала прызнаннем яе кампетэнтнасці, арганізаванасці і ўмення знаходзіць падыход да людзей – на той час на тэрыторыі Савета пражывала парадка тысячы васьмісот чалавек. У 2024 годзе Ганна Раманчук узначаліла сельскі Савет. Гэта быў лагічны працяг яе актыўнай грамадскай працы. За годы жыцця ў Навасёлках жанчына ўжо паспела зрадніцца з вяскоўцамі, ведала іх праблемы, і людзі самі ішлі да яе – хто за парадай, хто падзяліцца набалелым, а хто і па дапамогу.
– Адзін з галоўных напрамкаў у рабоце мясцовага самакіравання – добраўпарадкаванне. Мы стараемся прыцягваць да гэтай справы ўсіх: і арганізацыі, і ўласнікаў прыватных сядзіб, бізнес, – працягвае старшыня сельсавета. – Акрамя правядзення санітарных дзён, суботнікаў прыемна бачыць, як людзі самі праяўляюць ініцыятыву: хтосьці абнаўляе фасад дома, нехта разбівае клумбу, якая радуе вока прахожых. Гэта і ёсць сапраўдная гаспадарская пазіцыя. Калі кожны зробіць хоць крыху лепш каля свайго парога, увесь аграгарадок набудзе належны выгляд.
Са слоў кіраўніка мясцовага самакіравання, у планах на будучыню – не спыняцца на дасягнутым. У сельсавеце ўжо абмяркоўваюць новыя задачы і магчымасці. Але галоўная мэта застаецца нязменнай – зрабіць Навасёлкі месцам, дзе камфортна жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей.
Гледзячы на старшыню Навасёлкаўскага сельсавета, немагчыма не заўважыць яе асаблівы стыль – жанчына нягледзечы на сваю занятасць заўсёды выглядае бездакорна. За гэтай знешняй прыгажосцю і ўсмешкай хаваецца характар, выкаваны жыццёвымі выпрабаваннямі. Ганне Раманчук давялося перажыць нямала складаных момантаў, калі лёс правяраў яе на трываласць. Але яна ніколі не апускала рукі. Наадварот, кожнае выпрабаванне рабіла яе толькі больш мудрай і спагадлівай.
Быць кіраўніком на працы і заставацца клапатлівай дачкой і жонкай, любячай маці і бабуляй – задача не з лёгкіх. Але яна спраўляецца з ёй годна.
– Зусім хутка наш куточак стане цэнтрам прыцягнення ўсёй Петрыкаўшчыны. Менавіта ў Навасёлках пройдзе галоўная ўрачыстасць хлебаробаў раёна – “Дажынак-2026”. Для нас гэта вялікі гонар. Мы робім усё для таго, каб кожны, хто прыедзе да нас, адчуў сябе як дома, і атрымаў шмат станоўчых эмоцый.
Да сустрэчы, землякі, на навасёлкаўскай зямлі, – дадала ў канцы сустрэчы Ганна Раманчук.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.






Оставить комментарий