Сёння, у 82-ю гадавіну вызвалення Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у філіяле Галубіцкага сельскага Дома культуры адбылося значнае мерапрыемства. Установу культуры наведалі супрацоўнікі рэдакцыі «Петрыкаўскія навіны», актывісты раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі Саюз жанчын», жыхары населенага пункта, моладзь каб сустрэцца з ураджэнкай Галубіцы Кацярынай Ліцвін. Кацярына Іванаўна, вядомая жыхарам Петрыкаўшчыны сваёй грамадскай дзейнасцю і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Дзякуючы яе садзейнічанню ў свой час увасобіліся ў жыццё многія маладзёжныя і грамадскія ініцыятывы ў нашым раёне, што сведчыць аб яе неабыякавасці да лёсу роднага краю і яго жыхароў.
Варта адзначыць, што Кацярына Іванаўна – адна з тых на Гомельшчыне, чыя гісторыя жыцця, пры супрацоўніцтве «Петрыкаўскіх навін», увайшла ў кнігу «Аднагодкі Перамогі» ў рамках праекта маладзёжнага крыла Гомельскай абласной Арганізацыі БСЖ. Яе жыццёвы шлях, напоўнены працай, адданасцю і любоўю да Радзімы, з’яўляецца прыкладам для маладога пакалення.
Сустрэча, на якую прыйшлі як дарослыя, так і вучні школы, прайшла ў цёплай і душэўнай атмасферы. Успаміны, расказы, радасць ад сустрэч – усё гэта стварыла непаўторную атмасферу яднання і ўзаемаразумення. Падрастаючае пакаленне з цікавасцю слухалі гісторыі старэйшых, задавалі пытанні, імкнучыся зразумець, як жылі іх суайчыннікі ў пасляваенныя гады. Дарослыя, у сваю чаргу, дзяліліся сваімі ўспамінамі, перажываннямі, перадаючы маладому пакаленню каштоўны вопыт і веды.
У завяршэнне сустрэчы Кацярына Іванаўна ўручыла зборнік “Аднагодкі Перамогі” мясцовай бібліятэцы. Несумненна, ён будзе карыстацца поспехам сярод чытачоў, бо змяшчае ў сабе каштоўныя звесткі аб гісторыі Петрыкаўшчыны, аб людзях, якія ўнеслі свой уклад у яе развіццё.
Таксама ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі каля стэлы загінуўшым воінам у час Вялікай Айчыннай вайны.








Оставить комментарий