Першая гасцявая гульня гэтага сезона для нашай футбольнай каманды адбылася ў Лельчыцах. Мы, ветэраны спорту, не маглі не падтрымаць сваю каманду і таму рушылі ў дарогу. Прыехаўшы ў гарадскі пасёлак, мы да пачатку матча сустрэліся з ветэранамі спартыўнай галіны Лельчыцкага раёна і пазнаёміліся з наяўнай спартыўнай інфраструктурай. У спартыўнае ядро гэтага раённага цэнтра ўваходзіць добраўпарадкаваны адміністрацыйны будынак з памяшканнямі для спартыўных трэніровак, універсальная хакейная каробка, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі і шмат чаго яшчэ.
Што да гульні, то трэба адзначыць, што яна не задалася для нашай каманды з самага пачатку, што ў выніку і адбілася на канчатковым ліку. Ужо на трэцяй хвіліне гаспадары адкрылі рахунак, а праз 6-7 хвілін падвоілі яго! Гэта быў пераломны момант псіхалагічнага плану для дзвюх каманд: калі гаспадароў ён натхніў, то ў нашу каманду ён унёс нервовасць і залішнюю паспешлівасць ігракоў.
Аднак ужо к сярэдзіне першага тайма петрыкаўчане адкрылі лік і забілі гол. Здавалася – вось ён, пераломны момант, але гаспадары поля хутка аднавілі перавагу ў ліку ў тры мячы. Наша каманда не здавалася і да канца першых 45 хвілін двойчы дасылала мяч у вароты саперніка, дабіўшыся ліку 3:4.
Наперадзе другі тайм – цэлых 45 хвілін! Балельшчыкі горача падтрымлівалі нашу каманду і чакалі актыўнай гульні. Пачатак тайма “дыктавалі” петрыкаўчане, але гаспадары забілі галы і лік стаў 6:3 на іх карысць. Наша каманда здолела забіць яшчэ адзін мяч і саступіла лельчыцкай камандзе з “хакейным” лікам 4:6.
Падчас сустрэчы ў Лельчыцах вызначыўся двойчы Уладзімір Харланаў. Яшчэ два галы ў вароты сапернікаў забіў Міхаіл Мамантаў.
Наступную гульню футбалісты Петрыкава згуляюць з камандай гарадскога пасёлка Акцябрскі, якую раней перамаглі з лікам 7:2. Але гэта не павінна расхалоджваць нашых спартсменаў, так як 6 чэрвеня “Рудабелка” на сваім полі разграміла жыткаўчан з лікам 8:2.
На жаль, перамогі не атрымалася, але барацьба за выхад у фінал працягваецца. Пажадаем камандзе “Петрыкаў” поспеху на гульні ў Акцябрскім.
Аляксей Каюкала.
Фота газеты “Светлае жыццё”.







Оставить комментарий