“Ёсць вуліцы цэнтральныя, высокія і важныя…” – пяецца ў вядомай песні.
Шмат вуліц – цэнтральных і невялічкіх, гарадскіх і вясковых, на якіх мы жывём, па якіх мы ходзім, і вельмі рэдка мы задумваемся над іх назвамі. А між тым існуе нават цэлы раздзел тапанімікі, які вывучае іх назвы. Гадонімы – гэта непасрэдна назвы вуліц, завулкаў, праспектаў і магістраляў (ад грэч. Hodos – шлях, дарога, вуліца). Найменне вуліц нясе нам розную інфармацыю: гістарычную, геаграфічную, захоўвае імёны выбітных людзей.
Памяць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС таксама захавалася на карце нашага раёна ў тым ліку і ў назвах вуліц.
Калі з’явілася неабходнасць перасяліць частку жыхароў з забруджаных радыяцыяй раёнаў, то ў населеных пунктах Петрыкаўшчыны пачалі расці адна-, двух-, чатырохквартэрныя домікі, а ў гарадскім пасёлку Капаткевічы з’явіўся нават пяціпавярховы 40-квартэрны гмах.
Часцей за ўсё забудова вялася ў межах існуючых магістраляў. Але ёсць і населеныя пункты ў нашым раёне, дзе будаўніцтва жылля для пацярпелых прывяло да расшырэння і з’яўлення вуліц з “гаваркімі” назвамі.
Напрыклад, у вёсцы Залессе вы можаце адшукаць вуліцу Чарнобыльская. Дамы пачалі будавацца ў 1987 годзе. Калі зірнуць на населены пункт на карце, то можна адзначыць, што па памерах гэта вуліца складае амаль чвэрць усёй забудовы вёскі. Вуліца Чарнобыльская – гэта ўзор сельскага будаўніцтва канца 20-га стагоддзя. Цагляныя домікі ўтвараюць правільныя прамавугольныя кварталы, якія ўсярэдзіне перасякаюць пад’ездныя шляхі да сельскагаспадарчых пабудоў. Калі дамы стаяць асобна, то цагляныя хлявы з высокімі гарышчамі для сена разлічаны на два домаўладанні. Такіх “кварталаў” на вуліцы налічваецца тры. Некалі вуліца была заселена перасяленцамі з пацярпелых раёнаў. За 39 гадоў старэйшага пакалення не стала, пасталеўшыя дзеці з’ехалі, а дамы набылі карэнныя жыхары вёскі. Зараз у Залессі на вуліцы Чарнобыльская, якая складаецца з 52 дамоў, бадай не засталося ўжо не аднаго выхадца з пацярпелых раёнаў, але назва вуліцы захавала для нас гістарычны факт, што адразу пасля аварыі Петрыкаўшчына стала для іх другой радзімай.
Гэта не адзіны прыклад: у аграгарадку Колкі была пабудавана вуліца з назвай Брагінская. Гэта своеасаблівая вясковая магістраль перасякае ўвесь населены пункт, з’яўляецца адной з самых доўгіх вуліц вёскі. Некалі яна таксама складалася з 50-ці цагляных будынкаў для перасяленцаў, з цягам часу вуліца крыху прырасла. Цагляныя, у адзіным стылі – яшчэ адзін узор сельскагаспадарчай забудовы канца 20-га стагоддзя. Сама назва кажа нам пра тое, што ў Колках пражывалі выхадцы з Брагіна і Брагінскага раёна. На цяперашні час іх засталося толькі некалькі сем’яў, для якіх аграгарадок Колкі – родны і любімы населены пункт.
Аб чым сведчаць назвы вуліц? Аб тым, што краіна паклапацілася пра людзей, якія вымушаны былі пакінуць родныя мясціны, дала ім самае галоўнае – добраўпарадкаванае жыллё і працу, якія дазволілі жыць на новай малой радзіме ў камфортных умовах.
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.






Оставить комментарий