Мая гераіня нарадзілася ў звычайнай шматдзетнай цыганскай сям’і ў другой палове 50-х гадоў. Маці дала ёй не звыклае для нашых краёў імя – Ядвіга. Аднаго з братоў нашай гераіні таксама назвалі на польскі манер – Юзікам. Адкуль такія імёны? – спытаеце вы. Адказ даволі просты: матуля Ядвігі нейкі час падарожнічала па Заходняй Беларусі, мела там сяброў.
Простая цыганская дзяўчынка з каралеўскім імем расла ў суполцы дзяцей беларусаў і ніхто з сяброў па гульнях і па вучобе ніколі не задумваўся, хто з іх якой нацыянальнасці. Усе раслі побач і ніякай розніцы не адчувалася. Больш таго, у той час у Капаткевіцкай школе працавала шмат настаўнікаў-яўрэяў. Вылучалі іх з шэрагу калег-педагогаў бадай толькі імёны і прозвішчы. І то не заўсёды, таму што ў населеным пункце, дзе стагоддзямі жылі побач яўрэі, цыганы, католікі і праваслаўныя, усе перапляліся ў нейкую адзіную суполку, дзе кожны захоўваў свае традыцыі, але жылі і працавалі разам і міжнацыянальныя ці міжканфесійныя шлюбы нікога не здзіўлялі.

Каралева танца і песні Вернемся да нашай Ядвігі – яна расла жвавай і любіла музыку, а асабліва танцы. Абсалютны слых і прыроджанае адчуванне танцавальнага руху прывялі нашу таленавітую гераіню спачатку ў гурток танцаў пры мясцовым клубе, а затым у Магілёўскае вучылішча культуры, дзе яна атрымала спецыяльнасць “харэограф”. Цікава, што ў вучылішчы патрабавалася іграць на музычных інструментах. Юны харэограф развучвала мелодыі на баяне на слых і паспяхова здавала іспыты. Праз нейкі час пасля вучобы Ядвіга ўладкавалася на працу ў Капаткевіцкі гарпасялковы дом культуры і ў 1974 годзе па яе ініцыятыве быў створаны дзіцячы ансамбль танца “Верасок”, калектыў з беларускай назвай і інтэрнацыянальнай сутнасцю: акрамя беларускіх у рэпертуары танцы народаў СССР – малдаўскія, украінскія, рускія і іншыя. Пазней ва ўстанове культуры пачаў работу самадзейны ансамбль песні, музыкі і танца “Лявоніха” для дарослых. У рэпертуары – беларускія народныя песні, музыка і бытавыя танцы.

Каралева танца і песніЖанчына не спынялася на дасягнутым, наш таленавіты харэограф пачала адшукваць і захоўваць мастацкую спадчыну рэгіёна – песні і танцы. Ядвіга Суботка падарожнічала па вёсках раёна, адшуквала ў населеных пунктах выбітных танцораў і спевакоў з ліку старажылаў і запісвала мясцовыя танцы і песні, якія трывала ўваходзілі ў рэпетртуар самадзейных артыстаў з гарадскога пасёлка.
Падчас навучання ў Інстытуце культуры гэта яе начынанне падтрымаў яе выкладчык, знакаміты беларускі этнахарэограф, этнапедагог Мікалай Козенка.
Ядвіга Іванаўна Суботка – даволі вядомы чалавек не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы. Яна дэпутат раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, Ганаровы грамадзянін горада Петрыкава.
Але за званнямі, узнагародамі і пашанай ад многіх хаваецца міжнацыянальная сутнасць творчасці нашай зямлячкі – цыганка па нацыянальнасці з польскім імем зрабіла так шмат для захавання песеннай і танцавальнай спадчыны беларускага народа, што пераацаніць гэта не магчыма.
Ядвіга Іванаўна па-ранейшаму ў страі і з’яўляецца загадчыкам філіяла “Капаткевіцкі гарадскі дом культуры”, дзе звонка гучаць песні ансамбля “Лявоніха”, і запальна танчыць дзіцячы ансамбль “Верасок”. А калі загадчык філіяла выходзіць на сцэну з непаўторным яскравым цыганскім танцам, ніхто не можа застацца абыякавым – каралева Ядвіга зачароўвае ўсіх.
Вось такім дзівосным чынам пераплялася ў лёсе аднаго чалавека шматнацыянальная сутнасць нашай Беларусі.

Надзея СІГАЙ,
фота з архіва “ПН”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о