Запаветную мяжу ў тысячу тон намалоту, перавозкі, дапрацоўкі і сушкі збожжа пераадолелі аграрыі прадпрыемства СУП “Палессе-Аграінвест”.
Тры героі, тры розныя напрамкі, але адна агульная мэта – духмяны хлеб на стале.

Жніво на Петрыкаўшчыне – гэта не проста праца, гэта стан душы. Разам з дырэктарам прадпрыемства Аленай Асадчай і прадстаўнікамі прафсаюзнага камітэта мы адправіліся на палеткі і вытворчыя ўчасткі гаспадаркі, каб павіншаваць тысячнікаў ураджаю 2026 года.

Дзякуй за шчырую працу, хлебаробы!Першая кропка маршруту – палеткі гаспадаркі бліз вёскі Слабада.

Як жа прыгожа плывуць камбайны па жніўным палетку. Сярод іх за штурвалам магутнай машыны заўважаем героя артыкула – Аляксея Клімчыка, трактарыста-машыніста сельскагаспрадпрыемства, які дасягнуў тысячнага рубяжу на ўборцы зерневых культур. Камбайн на хвіліну прыпыніўся, аграрый выйшаў да нас з шчырай усмешкай.

– Мы настроены сабраць ура-джай без страт у самыя кароткія тэрміны. Галоўнае, каб надвор’е не падводзіла, а мы са свайго боку, як і нашы калегі, зробім усё, каб раён і краіна былі з важкім караваем, – адзначыў хлебароб.

Механізатар не аднойчы ўдзельнічаў у бітве за ўраджай і станавіўся яе пераможцам. Перадавік вытворчасці, Аляксей Іванавіч не хавае: праца зараз у радасць. Такія людзі – сапраўдныя героі сельскай гаспадаркі, якія сваім прыкладам паказваюць, як важна любіць сваю справу і працаваць на вынік.

Дзякуй за шчырую працу, хлебаробы!Далей мы накіраваліся на Пціцкі вытворчы ўчастак. Тут сустракаем аператара сушыльных комплексаў Валерыя Атрошчанку. Валерый Юр’евіч у мінулым таксама працаваў на камбайне, а цяпер адказвае за дапрацоўку і сушку збожжа ўраджаю. Аграрый таксама неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтваў.

– Для мяне вельмі важна захаваць кожнае зярнятка, не дапусціць страт, – дзеліцца Валерый Юр’евіч.– Мы працуем на агульны вынік. Калі ў полі хлебаробы стараюцца хутчэй сабраць ураджай, то наша задача – захаваць яго, – дзеліцца суразмоўца.
Калегі адзначаюць: Валерый Юр’евіч – чалавек дысцыплінаваны і патрабавальны да сябе. Яго вопыт дапамагае аператыўна вырашаць любыя тэхнічныя пытанні, якія ўзнікаюць падчас напружанай працы.

Дзякуй за шчырую працу, хлебаробы!Наступным героем жніва стаў, вадзіцель аўтамабіля аддзялення «Мышанка» Аляксандр Пракапенка, які дасягнуў тысячнага рубяжу ў перавозцы зерневых і зернебабовых культур. Аляксандр Антонавіч – сапраўдны старажыл вытворчасці.

– Працую ў сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў. Прыемна, што ў гэтую ўборачную кампанію мне ўдалося дасягнуць вынік у запаветную 1000 тон збожжа. Спадзяюся, гэта не апошняе дасягненне.

– Першая тысяча – выдатны старт уборачнай кампаніі, а за ёй будзе і другая, і трэцяя. Няхай сабраны ўраджай прынясе і выдатны настрой. Я ўдзячна сваёй камандзе за добрасумленную працу і тое неверагоднае адзінства, якое мы бачым зараз. Здароўя вам, нашы дарагія хлебаробы, і канечне не спыняцца на дасягнутым, – пажадала Алена Асадчая.

У дапаўненне да слоў падзякі за працу ад прадпрыемства, прафсаюза і Нафтаперапрацоўчага завода героям жніва былі ўручаны каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Уборачная страда на Петрыкаўшчыне набірае абароты, і зусім хутка спіс тысячнікаў, без сумневу, папоўніцца новымі імёнамі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о