Рамантыка і сталь паромнай пераправы

0
239

Рамантыка і сталь паромнай пераправыРака Прыпяць неверагодна прыгожая. Яна велічна нясе свае воды, падзяляючы Петрыкаўскі раён на два светы: левы і правы бераг. Але гэты падзел існуе толькі да таго часу, пакуль вы не патрапіце на паромную пераправу. Тут, сярод рачных туманаў, сонца і вятроў, працуюць унікальныя людзі. Звычайна пасажыры бачаць у іх працы проста маршрут з кропкі “А” у пункт “Б”, аднак для саміх работнікаў паромная пераправа – гэта лёс, рамантыка і кожнадзённая адказная служба.

Рамантыка і сталь паромнай пераправыГаспадар хвалі і штурвала
Сэрца пераправы – гэта катэр, а яго душа – матарыст. Кажуць, што вада не любіць выпадковых людзей, яна пакідае толькі адданых. Наш герой, Леанід Савасценя, звязаў свой лёс з паромнай пераправай 16 гадоў таму. Што прывяло яго на Прыпяць? Па словах мужчыны, тое самае хлапечае жаданне быць капітанам, адчуваць сілу рухавіка пад рукой і бачыць, як карабель слухаецца кожнага руху штурвала. Бацька Леаніда Іванавіча і ён сам праходзілі службу на Балтыйскім флоце, менавіта там зарадзілася любоў да воднай стыхіі. Аднак родныя карані трымалі моцна, таму не адважыўся хлопец зрабіць службу на флоце справай свайго жыцця.
Але ў сталым узросце лёс падараваў нашаму герою магчымасць ажыццявіць юнацкую мару: вось ужо 16 гадоў, тры з іх у статусе пенсіянера, Леанід Іванавіч згодна раскладу курсіруе паміж правым і левым берагам прыгажуні-Прыпяці.
Не сакрэт, што прафесія матарыста катэра для большасці з нас здаецца рамантычнай: сустракаць світанні над вадой, праважаць захады, слухаць крыкі чаек. Аднак мала хто задумваецца, што за гэтай прыгажосцю стаіць жалезная дысцыпліна і велізарная адказнасць. Рака падманлівая: то плынь, то непагадзь, то густы туман, калі берагі знікаюць з вачэй. І ў кожны з гэтых момантаў рукі матарыста павінны быць цвёрдымі, а розум – халодным, бо за спінай – дзясяткі людзей і машын, якія чакаюць бяспечнага прычальвання.
Рамантыка і сталь паромнай пераправы– Ведаеце, Прыпяць кожны дзень розная. За столькі гадоў на вадзе я ніводнага разу не бачыў аднолькавага світанку. Бывае, раніцай такі туман, што прычала не відаць, толькі вада і цішыня. У гэтыя хвіліны адчуваеш асаблівую адказнасць: ты адзін на адзін з ракой, за спінай – паром з людзьмі і тэхнікай, і менавіта ад цябе залежыць, ці злучыцца сёння гэты прасторавы разрыў паміж берагамі, – дзеліцца думкамі Леанід Савасценя.

Рамантыка і сталь паромнай пераправыМайстры моцнага вузла
Пакуль катэр упэўнена рэжа прыпяцкую хвалю, на самім пароме ідзе свая важная праца. Яе робяць хлопцы, чые рукі не баяцца ні халоднага металу, ні цяжкіх ланцугоў і тросаў. Гэта яны – берагавыя матросы, вартавыя прычала. То за левы бераг, то за правы – кожны дзень, змены і гады запар яны мацуюць гэтую жывую нітку, якая злучае вёскі і раёны. Іх праца патрабуе спрыту, фізічнай моцы і секунднай дакладнасці. Накінуць чалку, замацаваць паром, забяспечыць бяспечны з’езд і заезд транспарту. Калі глядзіш на іх працу збоку, усё здаецца адточаным да аўтаматызму, але за гэтым стаіць каласальны вопыт і майстэрства.
Сяргей Буракевіч працуе матросам ужо 4 гады. За гэты час ён навучыўся разумець раку без слоў, па адным толькі гуку вады вызначаць, як паром падыдзе да берага.
Рамантыка і сталь паромнай пераправы– Наша праца падобна працы механізма. Адзін не паспеў, недаглядзеў – і ўсё пайшло не так. За гады мы ўжо навучыліся разумець адзін аднаго без слоў, па адным позірку ці жэсце. Прыемна адчуваць, што наша праца патрэбная людзям. Цікава назіраць за пасажырамі, якія ўпершыню патрапілі на паромную пераправу. Іх шчырае захапленне і дзіцячае замілаванне заўсёды ўзнімаюць настрой. Глядзіш, як машыны з’язджаюць з парома, кіроўцы махаюць табе рукой, дзякуюць – і на душы становіцца цяплей, разумееш, што дзень пражыты не дарма, – шчыра распавёў Сяргей Валянцінавіч.
Яўген Кулакевіч на паромнай пераправе працуе другі год, аднак за гэты непрацяглы час, па словах мужчыны, ён “прыкіпеў” да ракі.
– Напэўна, збоку здаецца: ну што там складанага – накінуў трос, замацаваў і ўсё. А вы паспрабуйце зрабіць гэта марознай раніцай, калі метал ліпне да рук, або ў штармавы вецер, калі паром хістае на хвалях. Тут патрэбны вокамгненная рэакцыя і сіла. Метал і ланцугі слухаюцца толькі тады, калі ты сам упэўнены ў кожным сваім руху.
Наша праца, без перабольшання, вельмі адказная. Кожны рэйс мы імкнемся спрацаваць найлепшым чынам, каб людзі спакойна і своечасова трапілі дадому ці па сваіх справах, – паздзяліўся Яўгеній Аляксандравіч.

Рамантыка і сталь паромнай пераправыАдзін калектыў – адзін лёс
Колькі машын пераправілася за гэтыя гады? Колькі людзей паспела на працу, у бальніцу, да сваякоў дзякуючы гэтаму калектыву? Не злічыць. Кожную раніцу нашы героі заступаюць на змену, жартуюць, п’юць гарбату ў хвіліны зацішша і зноў углядаюцца ў рачную гладзь.
Для іх паромная пераправа – гэта не проста праца, гэта служба Рацэ і Людзям. І пакуль працуюць рухавікі катэра, пакуль надзейна трымаюць берагі моцныя вузлы петрыкаўскіх паромшчыкаў, Прыпяць застаецца не перашкодай, а дарогай, якая аб’ядноўвае сэрцы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о