Дзяржінспекцыя па маламерных суднах стала бліжэй да жыхароў Петрыкаўшчыны – у раёне пачаў дзейнічаць асобны ўчастак гэтай дзяржаўнай установы. Падрабязна пра графік работы, асноўныя задачы і нюансы паўсядзённай дзейнасці службы расказаў дзяржаўны інспектар Петрыкаўскага ўчастка ДІМС Васілій БЕЛАКУР.
– Васілій Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, аб адкрыцці Петрыкаўскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах – што гэта значыць для жыхароў раёна?
– У раёне пачаў функцыянаваць участак ДІМС. Адкрыццё новай структуры заклікана спрасціць адміністрацыйныя працэдуры для мясцовых суднаўладальнікаў і ўзмацніць кантроль на вадаёмах. Цяпер землякі могуць аператыўна вырашаць пытанні, звязаныя з эксплуатацыяй маламерных суднаў, прама на месцы – без неабходнасці выязджаць у іншыя раёны.
– Дзе знаходзіцца ўчастак і як з вамі можна звязацца?
– Мы размясціліся па 2-ім Першамайскім завулку, 2Б. Працуем па зручным графіку, які дазваляе звярнуцца да нас як у буднія дні, так і ў выхадны: з аўторка па суботу з 8 да 17, перапынак – з 13 да 14 гадзін. Звязацца з намі можна па нумары тэлефона 2-32-83.
– Якія адміністрацыйныя працэдуры аказвае ўчастак?
– Мы праводзім дзяржаўную рэгістрацыю і зняцце з уліку маламерных суднаў, тэхнічны агляд, выдаем даведкі, пасведчанні.
– Вельмі важнае пытанне па працэдурах. Многія лічаць, што для праходжання тэхагляду дастаткова прынесці толькі дакументы. Растлумачце гэты нюанс, калі ласка.
– Гэта вельмі сур’ёзны момант, на якім я хачу засяродзіць увагу ўсіх суднаўладальнікаў. Нават не спрабуйце прыходзіць проста з паперамі! Адміністрацыйная працэдура па тэхнічным асведчанні маламернага судна не будзе аказана без прадастаўлення самога судна для вочнага агляду. Я павінен асабіста праверыць яго тэхнічны стан, цэласнасць корпуса, наяўнасць неабходнага выратавальнага абсталявання і адпаведнасць нумароў. Толькі пасля фізічнага агляду лодкі на месцы выносіцца рашэнне аб яе дапушчэнні да эксплуатацыі. Актуальную інфармацыю пра дні, у якія аказваюцца адміністратыўныя паслугі, можна ўдакладніць па тэлефоне ўчастка.
– Якое абсталяванне абавязкова павінна быць на маламерным судне?
– Пры эксплуатацыі судна і пры яго прадастаўленні на тэхнічны агляд у наяўнасці павінны быць вогнетушыцель і вогнетрывалае покрыва (для суднаў з падвясным рухавіком),выратавальныя камізэлькі, медыцынская аптэчка, прычальны канат, вяроўка ці ланцуг, водаадліўная прылада, вёслы і якарная прылада.
– Што яшчэ ўваходзіць у сферу дзейнасці ДІМС?
– Апроч адміністрацыйных працэдур і навучання, мы абследуем маламерныя судны на адпаведнасць іх тэхнічнага стану патрабаванням, правяраем тэхнічны стан баз для стаянак маламерных суднаў, расследуем аварыйныя выпадкі з удзелам маламерных суднаў і аналізуем іх прычыны, распрацоўваем меры па папярэджанні такіх сітуацый, а таксама аказваем платныя паслугі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да землякоў і нагадаць: усе патрабаванні і правілы прыдуманы не для таго, каб ускладніць жыццё, а дзеля вашай уласнай бяспекі на вадзе. Вада памылак не даруе.
Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий