У спартыўнай зале ДЮСШ горада Петрыкава прайшлі спаборніцтвы ў рамках XXII раённай спартакіяды сярод працоўных калектываў Петрыкаўскага раёна. За перамогу змагаліся лёгкаатлеты і шахматысты.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнулася дырэктар Петрыкаўскай ДЮСШ Валянціна Урбанчык:
– Спорт – гэта згуртаванасць і адзінства. Падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць удзельнікам не толькі прадэманстраваць свае сілы ў розных відах спорту, але і наладзіць узаемаадносіны паміж калектывамі, з карысцю правесці час. Жадаю ўсім добрага настрою і перамогі.
Кожны старт ператвараўся ў сапраўдную барацьбу характараў, дзе важнай была кожная секунда і кожны крок. Лёгкаатлеты дэманстравалі выдатную падрыхтоўку, спаборнічаючы ў хуткасці і вынослівасці. Па выніках заўзятых забегаў і эстафет перамогу ў агульным заліку святкавала каманда Капцэвіцкага сацыяльнага пансіяната «Палескія сосны». Супрацоўнікі ўстановы аховы здароўя «Петрыкаўская ЦРБ» сталі другімі, уступіўшы пераможцам зусім няшмат, а трэцяе месца ўпэўнена занялі гаспадары спаборніцтваў – каманда «ДЮСШ г. Петрыкава».
Не менш захапляльнай была барацьба і на шахматных дошках. Гэтая спакойная знешне гульня патрабавала ад удзельнікаў вялікай засяроджанасці, глыбокага разліку і ўмення бачыць поле бою на некалькі хадоў наперад. У інтэлектуальным спаборніцтве найлепшымі аказаліся прадстаўнікі каманды «Ветэраны спорту» – іх досвед і майстэрства прынеслі заслужаную перамогу. Сярэбраныя ўзнагароды дасталіся камандзе «Петрыкаўскай ЦРБ», якая пацвердзіла высокі ўзровень сваёй падрыхтоўкі адразу ў двух відах праграмы, а бронза дасталася камандзе «ДЮСШ г. Петрыкава».
Мяркуючы па настроі ўдзельнікаў спартакіяды на працягу дня, напоўненага эмоцыямі, стомленасцю і зносінамі, прайграўшых не было: усе атрымалі максімум пазітыву і добрага настрою. Відавочна, што спорт нясе той зарад бадзёрасці, які, несумненна, будзе спрыяць дасягненню новых поспехаў і ў працоўнай дзейнасці.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные