Па выніках 2025 года званне лепшага суб’екта гаспадарання ў намінацыі “Малы і сярэдні бізнес” – у “ЭкаГрынПрам”.
Пра тое, як спрацаваў калектыў і якія гарызонты адкрыліся перад вытворчасцю, наш карэспандэнт пагутарыў з кіраўніцтвам прадпрыемства.

Без перабольшання, “ЭкаГрынПрам” – яскравы прыклад таго, як лакальная вытворчасць можа паспяхова канкурыраваць на сусветным узроўні. Сёння прыватнае прадпрыемства выпускае якасныя піламатэрыялы, нарыхтоўкі для вагонкі і тарную дошку (нарыхтоўкі для паддонаў). Прадукцыя ідзе выключна на экспарт: 100% вытворчасці адгружаецца партнёрам у Турцыю, Азербайджан і Грузію.
Калі адны наракаюць на пэўныя складанасці развіцця бізнесу, нашы землякі адкрываць для сябе новыя краіны і заручаюцца новымі кантрактамі.
Сакрэт рэнтабельнасці – у мадэрнізацыі. У мінулым го-дзе прадпрыемства ўмацавала матэрыяльна-тэхнічную базу, набыўшы сучасную сушыльную камеру. Працэс тэрмічнай сушкі, па словах дырэктара Віктара Капыловіча, кардынальна змяніў эканоміку прадпрыемства.
– Тэрмічная сушка дазваляе нам не толькі павялічваць аб’ёмы і павышаць кошт гатовай дошкі, але і істотна эканоміць на лагістыцы, – дзеліцца Віктар Васільевіч. – Калі сырой дошкі ў машыну змяшчаецца каля 28 кубічных метраў, то сухой – 40. Розніца адчувальная, выдаткі на транспарціроўку падаюць, а кошт прадукцыі расце.
Для аграгарадка Курыцічы “ЭкаГрынПрам” – адзін з ключавых працадаўцаў. Тут працуе больш за 30 чалавек, і ўсе яны, што немалаважна, – мясцовыя жыхары. Калектыў складаецца як з вопытных станочнікаў, так і з моладзі (сярэдні ўзрост працаўнікоў – каля 40 гадоў), што дазваляе забяспечваць бесперапынную перадачу ведаў новаму пакаленню.
– Нашы людзі – гэта наш галоўны скарб, – адзначае намеснік дырэктара Валянцін Варшук. – Стабільная праца нашага прадпрыемства – гэта вялікая падмога для Курыцічаў. Не маем права падвесці землякоў: за кожным нашым работнікам стаіць сям’я, як мінімум з чатырох чалавек, іх дабрабыт і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
– Мінулы год стаў для нас перыядам росту, – распавядае Віктар Капыловіч. – Галоўны вынік – мы пашырылі калектыў і нарасцілі аб’ёмы. У 2025-м зрабілі стаўку на глыбокую перапрацоўку, практычна перайшоўшы на безадходную вытворчасць. Гэта і экалагічна, і эканамічна апраўдана.
– Што да абрэзкаў, то іх на бязвыплатнай аснове мы прапануем жыхарам аграгарадка. Тое ж самае датычыцца і пілавання: яго для падсцёлу забірае мясцовае сельгаспрадпрыемства, – дадаў намеснік дырэктара.
Аднак у раёне “ЭкаГрынПрам” ведаюць не толькі як моцнае прадпрыемства. Яго кіраўніцтва – людзі з вялікім сэрцам. Мужчыны – мясцовыя, тут іх карані, таму спадзяванні землякоў ім блізкія і зразумелыя без лішніх слоў.
Віктара Васільевіча ведаюць як актыўнага мецэната, які ніколі не застаецца ўбаку ад добрых спраў. Мінулы год для бізнесмена быў напоўнены клопатам пра тых, хто ў ім асабліва мае патрэбу. Кіраўнік “ЭкаГрынПрам” актыўна ўключыўся ў акцыю па ўшанаванні вязняў Вялікай Айчыннай вайны, знаходзячы для кожнага цёплыя словы і рэальную дапамогу. Не забывае Віктар Васільевіч і пра моладзь, пра здароўе падрастаючага пакалення: дзякуючы ў тым ліку і яго падтрымцы матэрыяльная база мясцовага фізкультурна-аздараўленчага комплексу папоўнілася новым спартыўным абсталяваннем.
– Для мяне гэта натуральна, – сціпла заўважае Віктар Васільевіч. – Дапамагаць раёну, дзе ты жывеш і працуеш, – не заслуга, а абавязак кожнага адказнага бізнесу.
За такімі кіраўнікамі – будучыня. Калі на чале прадпрыемства стаяць сапраўдныя працаўнікі, патрыёты і неабыякавыя людзі, любыя “новыя гарызонты” становяцца дасягальнымі.
Развіццё працягваецца, і занясенне на Дошку гонару, упэўнены Віктар Капыловіч, – толькі чарговы стымул для новых вытворчых дасягненняў.
Віншуем калектыў “ЭкаГрынПрам” з заслужанай узнагародай і дзякуем кіраўніцтву за стваральную працу і добрае сэрца.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.






Оставить комментарий