Дамовіцца пра сустрэчу з генеральным дырэктарам Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Юрыем Апановічам напярэдадні “Клічу Палесся” – задача са сферы фантастыкі. Тэлефон кіраўніка літаральна разрываецца, графік распісаны па хвілінах, а рабочы дзень доўжыцца дапазна. Аднак для раённай газеты Юрый Аляксандравіч заўсёды знаходзіць час, нягледзячы на каласальную занятасць. Гэта ўжо добрая традыцыя: лета, Прыпяць, перадфэставы ажыятаж і наша шчырая размова.
Вось і гэтым разам класічнага кабінетнага інтэрв’ю не атрымалася – мы гутарым, што называецца, “на нагах”. Разам з гендырэктарам крочым па тэрыторыі будучых фэставых лакацый Ляскавіч. Паралельна Юрый Аляксандравіч паспявае даваць дзясяткі даручэнняў. Атмасфера кіпіць! Менавіта ў гэтым працоўным і вельмі душэўным рытме і нарадзілася наша размова.
– Юрый Аляксандравіч, вакол вас гэтымі днямі круціцца тысяча спраў. Тым не менш, вы па традыцыі знайшлі час для нашай раёнкі. Адкуль вы бераце сілы і энергію на гэты марафон падрыхтоўкі? Па ўсім відаць, што каманда Нацыянальнага парку зараз працуе на мяжы магчымасцяў?
– Ведаеце, для мяне сустрэча з раённай газетай – гэта як магчымасць на хвіліну спыніцца, акінуць вокам тое, што зроблена, і пагутарыць з нашымі людзьмі праз вашы старонкі. Гэта важна. А наконт сіл… Калі бачыш, як кожны дзень Ляскавічы прыгажэюць, як каманда гарыць справай – стомленасць знікае. Мы разумеем узровень адказнасці: прыняць дзявяты міжнародны фэст – гэта гонар. Таму працуем суткамі, але з усмешкай і натхненнем.
– Кожныя два гады Ляскавічы на адзін дзень ператвараюцца ў сталіцу Палесся. Калі б вам давялося апісаць атмасферу фэсту пэўным гукам, пахам і колерам, што б гэта было?
– Гук – гэта, безумоўна, звонкі спеў палескай дуды і ціхі шэпт чаротаў. Пах – звараная на вогнішчы свежая прыпяцкая юшка і наш непаўторны мёд. А колер – насычаны дуброўны зялёны ў спалучэнні з ярка-чырвонымі элементамі нашых строяў. Гэта колер самога жыцця.
– Нацыянальны парк “Прыпяцкі” працуе 365 дзён у годзе, ахоўваючы прыроду. А “Кліч Палесся” – гэта ахова чалавечай душы і традыцый. Што асабіста для вас, як для чалавека і кіраўніка, значыць гэты дзень? Гэта свята – адпачынак ці іспыт на трываласць?
– Гэта іспыт, які прыносіць найвышэйшую асалоду. Калі бачыш, як вочы гасцей гараць, разумееш: усё не дарма. Для мяне гэта дзень, калі мінулае сустракаецца з будучыняй, і мы бачым, што карані нашы – жывыя і моцныя.
– Госці фестывалю бачаць прыгожую сцэну, ідэальны парадак і шчаслівыя твары. А што застаецца “за кадрам”? Раскажыце пра каманду Нацыянальнага парку: які самы незвычайны або складаны выклік прыйшлося вырашаць пры падрыхтоўцы да сёлетняга фэсту?
– Падрыхтоўка – гэта праца не адной сотні людзей. Сёлета зрабілі стаўку на інтэрактыў. Няпроста было ўсё спланаваць такім чынам, каб прырода і ландшафт парку гарманічна зліліся з лакацыямі. Напрыклад, традыцыйнае будаўніцтва этнаграфічных падворкаў – гэта не проста дэкарацыі, гэта аднаўленне аўтэнтычных палескіх хат і падворкаў у абмежаванай прасторы і ў абмежаваны адрэзак часу. Мы працавалі як адзін зладжаны механізм, апошнія дні нават уначы.
– Давайце ўявім, што ў вас ёсць чароўная машына часу і вы можаце прывезці на фестываль у Ляскавічы палешука з XIX стагоддзя. Як думаеце, што на нашым фэсце яго здзівіла б больш за ўсё, а ў чым пазнаў бы сябе?
– Здзівіўся б тэхналогіям, гукам, маштабу. А вось пазнаў бы сябе ў песнях і рамёствах. Калі нашы майстры пачнуць ткаць або выразаць з дрэва, то продак сказаў бы: “О, гэта ж наш, капцэвіцкі ці ляскавіцкі почырк!”. Наша каштоўнасць у тым, што мы захавалі сувязь часоў.
– Дзявяты фестываль – лічба магічная і перад’юбілейная. Які галоўны сюрпрыз або прынцыпова новую “фішку” падрыхтаваў “Прыпяцкі” для гасцей сёлета? Чым будзем здзіўляць бывалых турыстаў?
– Па добрай традыцыі з кожным новым фестывалем мы пашыраем колькасць інтэрактыўных зон. Вось і сёлета наш госць – не проста глядач: кожны можа паспрабаваць сябе ў ролі старажытнага палескага бондара, ганчара, каваля ці рыбака па сапраўдных прыпяцкіх тэхналогіях. Плюс, мы абнавілі нашы водныя маршруты – прыгажосць Прыпяці адкрыецца з новых ракурсаў. І шмат чаго яшчэ. Упэўнены, сёлета, дарэчы, як і заўсёды, у нас атрымаецца здзівіць і парадаваць нават самага патрабавальнага госця.
– Фестываль праходзіць, госці з’язджаюць, здымаюцца дэкарацыі… Што з атмасферы “Клічу Палесся” застаецца ў Ляскавічах назаўжды, дапамагаючы Нацыянальнаму парку развівацца далей?
– Застаецца энергетыка і натхненне. Пасля кожнага фэсту мы атрымліваем новы штуршок для турызму. Этнаграфічны комплекс працягвае працаваць, людзі едуць да нас цэлы год, бо яны пачулі гэты “кліч”. Фестываль – гэта імпульс, які натхняе наш калектыў на новыя ідэі і праекты.
Оставить комментарий