16 лістапада на базе фізкультурна-аздараўленчай залы адбыўся раённы турнір па дартсе сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту.

Мэтай турніру з’яўлялася папулярызацыя дартса як даступнага і набываючага ўсё большую папулярнасць віду спорту сярод насельніцтва ўсіх узростаў, прыцягненне ветэранаў фізічнай культуры і спорту да рэгулярных заняткаў фізкультурай і актыўным ладам жыцця.

У дадзеным відзе спорту ў першую чаргу вялікую ролю адыгрываюць псіхалогія і ўзровень трэніровачнага працэсу. Гэта, бадай, тыя два складнікі, без якіх дабіцца поспеху ў дартсе практычна немагчыма. У турніры, як у мужчын, так і ў жанчын прынялі ўдзел 9 чалавек. У прыгожай паловы бездакорную перамогу атрымала Ірына Купрэй. Яе вынік на гэты раз склаў 102 ачкі. Роўна 50 ачкоў набрала Таццяна Рог, а вось у барацьбе за трэцяе прызавое месца давялося звярнуцца да дадатковых падлікаў. Справа ў тым, што дзве ўдзельніцы – Надзея Міцкевіч і Галіна Вяракса, набралі абсалютна роўную колькасць ачкоў – 48, але ў Надзеі Міцкевіч была пазіцыя вышэй па колькасці паражоных сектараў, таму ўдзельніца заняла трэцяе прызавое месца.

Зусім па іншым сцэнарыі разгарнуліся падзеі ў мужчын. Тут барацьба была вельмі напружанай, і толькі пасля апошняга ўдзельніка былі размеркаваны прызавыя месцы. Доўгі час упэўнена лідыраваў Віктар Іваноў, але Юрый Юніцкі перайграў галоўнага суперніка на 22 ачкі. Вынік пераможцы склаў 183 ачкі! У сярэбранага прызёра Віктара Іванова 161 ачко. Трэцім прызёрам з вынікам 104 ачкі стаў самы пажылы ўдзельнік Сяргей Шпак.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцам і прызёрам турніру былі ўручаны дыпломы ад сектара спорту Петрыкаўскага райвыканкама і каштоўныя прызы ад пярвічнай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”. Таксама ветэраны спорту прынялі ўдзел у раённых спаборніцтвах па шахматах, дзе занялі першае месца і былі ўдастоены кубка і дыплома першай ступені. Каманду пераможцаў прадстаўлялі Раіса Будзіловіч і Уладзімір Літош. Віншуем усіх пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў.
Аляксей Каюкала.
Фота Марыі ТАМКО.




