Схаваная ў глыбіні палескіх лясоў сотні гадоў жыве вёска Кашэвічы.
Першыя пісьмовыя звесткі пра Касейск і Яўсеевічы адносяцца аж да пачатку ХVI стагоддзя. Магчыма, што самі паселішчы больш старажытныя.
У 1642 годзе паміж вёскамі пабудавана драўляная Успенская царква.
Вёскі не раз пераходзілі ад аднаго ўладальніка да другога, у ХІХ стагоддзі, напрыклад, належалі Яленскім. У 1862 годзе да Успенскай царквы была прыбудавана драўляная званіца. Напачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы ў сялянскай хаце пачало працаваць пачатковае вучылішча (школа).
Кашэвічы былі даволі вялікім населеным пунктам, які ў 1921 годзе меў больш за 700 жыхароў. У 1931 годзе тут быў арганізаваны калгас.
Вёска пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1941 года. У баях за яе вызваленне загінула 52 салдата і партызана.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Кашэвічы пачалі хутка аднаўляцца і развівацца. У самой вёсцы і суседніх Яўсеевічах было шмат моладзі, дзяцей.
Наяўнасць праваслаўнай царквы, якая не зачынялася і ў савецкія гады, таксама наклала адбітак на жыццё вёскі. Падчас вялікіх праваслаўных свят, асабліва на Пасху, з суседніх сёл у Кашэвічы прыходзіла вялікая колькасць народу. Старэйшыя наведвалі царкву, моладзь ладзіла вясёлыя вечарыны.
Да 1954 года вёска з’яўляліся цэнтрам Кашэвіцкага сельскага савета, цэнтральнай сядзібай калгаса імя Жданава, які ў 1989 годзе быў перайменаваны ў “Новы шлях”. У 2003 годзе на яго базе ўтворана камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Кашэвічы”, зараз з’яўляецца аддзяленнем ААТ “Навасёлкі”.
У 1974 годзе да Кашэвіч была далучана вёска Яўсеевічы. У гэты час вёска перажывала свой росквіт: тут працавала сярэдняя школа, пошта, клуб з бібліятэкай, фельчарска-акушэрскі пункт, некалькі крам, камбінат бытавога абслугоўвання, які, між іншым, аказваў паслугі і жыхарам бліжэйшых вёсак.
У гэтым кутку Петрыкаўшчыны нарадзіўся Анатолій Сямёнавіч Фядосік (1926-2005), з дня нара-джэння якога 7 лютага споўнілася 100 гадоў, савецкі і беларускі вучоны, фалькларыст, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь.
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці славутага земляка – беларуская фалькларыстыка. Анатолій Фядосік – аўтар больш 200 навуковых прац, 20-ці манаграфій і брашур, адзін з суаўтараў хрэстаматыі па беларускім фальклоры. А ў юнацтве, адразу пасля заканчэння школы, Анатоль уступіў у рады партызанскага атрада Міхайлоўскага, затым юнак – партызан 125-й партызанскай Капаткевіцкай брыгады. Удзельнік аперацый “Капаткевіцкі бой” і “Рэха на Палессі”. Перамогу будучы фалькларыст сустрэў у складзе частак савецкай арміі ва Усходняй Еўропе. Пра партызанскую дзейнасць напісаў дакументальную кнігу “Партызанская быль”.
У пачатку ХХІ стагоддзя Кашэвічы атрымалі статус аграгарадка. У населеным пункце 112 сядзіб. Жыхароў у Кашэвічах – 261 чалавек. 29 непаўналетніх дзяцей наведваюць установу адукацыі ў вёсцы Лучыцы, куды іх адвозіць школьны аўтобус. Больш за палову насельніцтва працаздольнага ўзросту – 164 чалавекі. Пенсіянераў абслугоўвае 3 сацыяльныя работнікі. Сацыяльная сфера таксама развітая: 2 крамы розных форм уласнасці, фельчарска-акушэрскі пункт, паштовае аддзяленне і КБА. У аграгарадку працуе Кашэвіцкае лясніцтва і аддзяленне ААТ “Навасёлкі”.
Вольны час жыхары аграгарадка могуць бавіць у сельскім доме культуры і бібліятэцы, дзе працуюць аб’яднанні па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога, тэатральнага, фальклорнага напрамкаў. Сіламі супрацоўнікаў культуры і самадзейнымі артыстамі ладзяцца канцэрты, вечарыны адпачынку, выставы і святы.
Аграгарадок Кашэвічы з’яўляецца прывабным месцам для турызму, госці прыязджаюць наведаць царкву Успення Прасвятой Багародзіцы ХVIІ стагоддзя, помнік драўлянага дойлідства.
Прапануем і вам наведаць гэты цудоўны куточак.
Надзея СІГАЙ.
Фота Марыі ТАМКО.






Оставить комментарий