Восень на стале

Восень – час падводзіць вынікі працы на зямлі. Кладоўкі і склепы напоўнены дарамі, а на кухнях землякоў пачынаецца сапраўдная магія.
Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” накіраваліся ў населеныя пункты, каб даведацца ў вяскоўцаў: якая страва ў кастрычніку лічыцца галоўнай на іх стале. Не прамінулі пацікавіцца і рэцэптам “кароннага” пачастунку.

Флоцкі прыём
Мікалай ЦІМАШЫШЫН, жыхар аграгарадка Бабунічы:


–У нашай сям’і “каронныя” блюды звязаны з бульбай. А ў гэтым годзе на ўсіх 20-ці сотках яна ўрадзіла проста на славу!
Вырошчваем яе ў двух месцах: ва двары – раннюю, на полі за вёскай – познюю, якраз на зімовыя запасы. Што мы толькі з ёй не робім у кулінарным плане. Варым, тушым, смажым, запякаем. Я вельмі люблю гарачую бульбачку са студнем! Але ж самае любімае блюда – дранікі.
Калі я служыў на флоце, мне дастаўся кулінарны сакрэт ідэальных дранікаў, якім я карыстаюся і дагэтуль.
Тру бульбу на цёрку, дадаю не звычайную соль, а любімую прыправу – яна ў кожнай сям’і свая, і… увага: крыху малака! На літру нацёртай кашы трэба дадаць дзесьці грамаў сто малака. Дзякуючы гэтаму сакрэту, дранікі атрымліваюцца асабліва далікатнымі і не цямнеюць.
Дарэчы, я не падтрымліваю думку некаторых прадстаўнікоў моцнага полу, што каля пліты павінна стаяць толькі жанчына. Часта я гатую сам, і сваю гаспадыню Валянціну Андрэеўну рады пабалаваць смачнай вячэрай!

Бабуліны сакрэты
Аліна ВАСКЕВІЧ, жыхарка вёскі Муляраўка:


– У лесе грыбоў сёлета хапае! А я – заядлы грыбнік, таму запасаў гэтага ляснога скарбу ў мяне ў дастатку: ёсць і закруткі, сушаныя і замарожаныя грыбы. Але асаблівае месца ў маёй кулінарнай кнізе займае рэцэпт, які перадаўся ад бабулі – грыбная ікра.
Галоўны інгрэдыент гэтай стравы – зялёнкі: крэпкія, хрумсткія яны падыходзяць для такога блюда проста ідэальна!
Вялікі плюс рэцэпта ў тым, што тут няма строгіх грамаў ці кілаграмаў – усё робіцца “на вока” і па ўласным гусце.
Бяру зялёнкі – роўна столькі, колькі мне неабходна для чарговай закруткі, або колькі ёсць у наяўнасці. Мыю, адварваю, а затым перакручваю праз мясарубку. Асобна абсмажваю да залацістага колеру цыбулю і моркву. Злучаю ўсё, дадаю таматны соус, соль і цукар па густу.
Прыкладна на тры літры перакручаных зялёнак я звычайна дадаю 100 грамаў тамата і 40 грамаў воцату.
Паўтаруся: усё можна і трэба кантраляваць проста падчас тушэння! Паспрабавалі – калі чагосьці не хапае – дадалі сольці цукар. Тушым усё разам 40 хвілін.
Гатовую гарачую ікру раскладаю па стэрылізаваных банках і закручваю. Затым захінаю іх цёплай “шубай” і пакідаю да раніцы. Банкі адпраўляю ў склеп, дзе яны выдатна стаяць усю зіму.

Час квасіць капусту
Галіна ГЛУШКО, жыхарка вёскі Міхедавічы:


– Напэўна, я не памылюся, калі скажу, што ў многіх жыхароў Петрыкаўшчыны капуста трывала заняла сваё месца на стале. Асабліва ў кастрычніку, калі надыходзіць пара шаткоўкі і квашання гэтай гародніны.
Хачу падзяліцца рэцэптам, які я выкарыстоўваю для сваёй сям’і ўжо не адзін год. Ён просты, правераны часам і заўсёды дае выдатны вынік.
Што трэба: капуста, морква, сухі кроп, соль, цукар, вада.
Капусту трэба тонка нашаткаваць, дадаць цёртую моркву і кроп. Усё добра перамяшаць, каб гародніна раўнамерна размеркавалася.
Пасля гэтага рыхтуем расол. На 1 кілаграм капусты бяром па 1-ой сталовай лыжцы солі і цукру і раствараем у вадзе.
Гатовым расолам заліваем капусту і ставім пад гнёт. Пакідаем, каб пачаўся працэс квашання. Па жаданню можна дабавіць жменю журавін.
Затым гатовую страву раскладваем па чыстых банках і захоўваем у прахалодным месцы.
Атрыманая квашаная капуста падыходзіць і як самастойная закуска, і як дадатак да розных страў.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные