12 верасня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь адзначае свой 15-гадовы юбілей. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнты «ПН» завіталі ў Петрыкаўскі раённы аддзел Следчага камітэта, каб убачыць працу знутры і пагутарыць з тымі, хто штодня раскрывае злачынствы.
У кабінетах раённага аддзела кіпіць жыццё, аднак, нягледзячы на напружаны графік, супрацоўнікі знаходзяць час для супрацоўніка рэдакцыі. Першым нашым суразмоўцам стаў намеснік начальніка Петрыкаўскага РАСК Уладзіслаў Лахвіч.
– Уладзіслаў Васільевіч, што змянілася за час існавання Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь?
– За 15 гадоў з моманту стварэння Следчага камітэта, як дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе папярэдняе расследаванне, значна павысілася якасць яго працы. Пашырыліся працэсуальныя паўнамоцтвы следчых, распрацаваны і прыняты адзіныя ўмовы праходжання службы і іншыя сацыяльныя гарантыі следчых.
– Якія задачы перад Следчым камітэтам у цяперашні час застаюцца галоўнымі?
– Галоўнай задачай застаецца неабходнасць паляпшаць аператыўнасць і эфектыўнасць папярэдняга следства. Асобная ўвага надаецца якасці і своечасовасці правядзення неадкладных следчых дзеянняў, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, кампенсацыі прычыненай матэрыяльнай шкоды.
– Ахарактарызуйце стан злачыннасці ў раёне?
– За мінулы перыяд 2026 года ў наш аддзел паступіла 215 заяў і паведамленняў аб злачынствах. Па іх выніках узбуджана 102 крымінальныя справы, а ў 64 выпадках прыняты рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні. Скончана расследаванне па 70 крымінальных справах. Акрамя таго, у выкананні нашых супрацоўнікаў знаходзіцца 231 справа. Сюды ўваходзяць і злачынствы мінулых гадоў – праца па іх раскрыцці не спыняецца ніколі.
– З якімі відамі злачынстваў даводзіцца сутыкацца часцей за ўсё?
– Спектр шырокі: ад забойстваў і наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў да службовай халатнасці, перавышэння службовых паўнамоцтваў. Ёсць і справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў. На жаль, з развіццём тэхналогій няспынна растуць і рызыкі кіберзлачынстваў.
– Як жа сёння абараніць сябе ад інтэрнэт-махляроў?
– У краiне працуе спецыяльны інфармацыйны рэсурс «Правер.Бел». Галоўная функцыя сэрвісу – дазволіць грамадзя-нам праверыць канкрэтны акаунт у сацсетках («Instagram», «Telegram», «TikTok», «Facebook» i «VK») нa прадмет яго выкарыстання у злачыннай дзейнасці. У iм выкарыстоўваецца інфармацыя з матэрыялаў крымінальных спраў. Акрамя таго, праз зваротную сувязь можна паведаміць пра падазроныя рэсурсы. Аднак важна памятаць: адсутнасць інфармацыі пра парушэнні – гэта яшчэ не гарантыя бяспекі.
– Уладзіслаў Васільевіч, давайце пагаворым непасрэдна аб самой прафесіі следчага. Якімі якасцямі павінен валодаць следчы?
– Спачатку адзначу, што быць следчым – гэта вялізная адказнасць, бо ты ўдзельнічаеш у вырашэнні лёсу чалавека, дзе здзяйсненне памылак недапушчальна. Дадзеная прафесія патрабуе ад чалавека смеласці, самавалодання і настойлівасці. Вельмі важныя ў гэтай справе арганізатарскія здольнасці, уменне знаходзіць падыход да людзей, прафесійныя навыкі, аналітычныя здольнасці.
Акрамя расследавання крымінальных спраў, супрацоўнікі Следчага камітэта праводзяць праверкі па фактах смерцяў грамадзян. У сувязі з чым следчы, як спецыяліст, павінен быць псіхалагічна ўстойлівым, умець кіраваць сваімі эмоцыямі.
– Як адбываецца папаўненне новымі кадрамі?
– Мы актыўна займаемся прафарыентацыяй. Юнакі могуць паступіць у Акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт. Для абітурыентаў таксама ёсць магчымасць навучання ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны па мэтавым накіраванні
– Уладзіслаў Васільевіч, вашы пажаданні калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць ветэранаў следства, чый жыццёвы шлях з’яўляецца прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне, а таксама асабовы склад Петрыкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і іх блізкіх. Жадаю калегам далейшых прафесійных поспехаў, моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, сямейнага дабрабыту.
Пасля гутаркі з кіраўніцтвам мы накіраваліся ў кабінет, дзе працуе малады, але ўжо дасведчаны спецыяліст – следчы Дыяна Панцялеева.

– Дыяна Андрэеўна, чаму вырашылі звязаць жыццё менавіта са следствам?
– Я нарадзілася ў Петрыкаве, па заканчэнні гімназіі паступіла на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Выбар быў амаль відавочны: мой дзядуля, Мікалай Іванавіч, быў памочнікам пракурора, а бацька, Андрэй Мікалаевіч, працаваў у органах унутраных спраў. Работа, шчыра кажучы, складаная, але неверагодна цікавая. Тут я атрымала прафесійныя веды, знайшла добрых сяброў і калег.
– Кажуць, што ў следчых няма асабістага жыцця. Гэта праўда?
– У мяне якраз наадварот. Менавіта ў аддзеле я сустрэла сваё шчасце. Год таму я выйшла замуж за свайго калегу – следчага Аляксея Патапенка. Я працую тут тры гады, і за гэты час праца падарыла мне не толькі прафесійны багаж, але і сям’ю.
Наша наступнае знаёмства адбылося са старшым следчым Сяргеем Тумашам. Яго спецыялізацыя – злачынствы супраць экалагічнай бяспекі і прыродакарыстання.

– Сяргей Віктаравіч, як прыйшлі ў гэтую прафесію і чаму абралі менавіта гэты напрамак?
– Пасля Акадэміі МУС вярнуўся па размеркаванні ў родны горад. Тут працую ўжо больш за 10 гадоў. Кіраўніцтва даверыла мне напрамак экалагічнай бяспекі, і я лічу яго вельмі адказным.
– Ці цяжка працаваць, калі даводзіцца выязджаць на месцы злачынстваў у любы час сутак?
– Работа сапраўды бывае рознай: начныя выезды, цяжкія выпадкі. Але ёсць адно галоўнае правіла: трэба жыць гэтым і шчыра любіць тое, што робіш. Для мяне гэта не проста праца, а сапраўднае прызванне. І, вядома, дома мяне заўсёды чакаюць клопат і цяпло – жонка Кацярына і сын Аляксандр, якія вельмі мяне падтрымліваюць.
Віншуем усіх супрацоўнікаў Петрыкаўскага РАСК з 15-годдзем Следчага камітэта! Жадаем здароўя, поспехаў у службе, асабістага шчасця і сямейнага дабрабыту.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий