Навацыі ў зямельных адносінах

0
71

Навацыі ў зямельных адносінахЗямля – гэта не проста каштоўны рэсурс, але і тэма, якая закранае інтарэсы практычна кожнага жыхара нашага раёна. Каб зямельныя адносіны сталі яшчэ больш празрыстымі, а спрэчныя пытанні вырашаліся хутка і справядліва, заканадаўства краіны пастаянна ўдасканальваецца.
Так, 1 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Закон № 149-З “Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін”. Дакументам прадугледжана шэраг новых падыходаў у сферы абароны правоў землекарыстальнікаў і ўрэгулявання суседскіх спрэчак.
Пра заканадаўчыя навацыі мы пагутарылі з начальнікам аддзела землеўпарадкавання Надзеяй Будовіч-Ярмак.

– Што зменіцца для землекарыстальнікаў у пытанні абароны правоў?
– Па-першае, з’явіўся дакладны тэрмін для абскарджання рашэнняў дзяржаўных органаў, дзеянняў або бяздзеяння службовых асоб у сферы зямельных адносін – тры гады. Раней такога прамога тэрміна не было, і гэта стварала няпэўнасць як для людзей, так і для органаў, якія разглядалі скаргі.

– Гэта значыць, калі чалавек праз два гады даведаўся, што яго ўчастак памылкова ўлічаны, ён яшчэ мае права пайсці ў суд ці вышэйстаячы орган?
– Менавіта так. Тры гады – гэта дастатковы час, каб разабрацца ва ўсіх нюансах і падаць скаргу. Але, вядома, чым хутчэй чалавек дзейнічае – тым лепей: пакуль факты свежыя і доказы захаваныя свае правы абараніць лягчэй.

– Якія зямельныя спрэчкі цяпер могуць разглядаць мясцовыя выканаўчыя камітэты і суды? Што тут новага?
– Катэгорыі зямельных спрэчак, якія разглядаюць мясцовыя выканаўчыя органы і суды, пашыраны. Напрыклад, раённы выканаўчы камітэт цяпер упаўнаважаны разглядаць спрэчкі ў выпадках, калі фіксаваная мяжа ўстанаўлівалася і не можа быць адноўлена – прычым незалежна ад таго, ці была ажыццяўлена дзяржаўная рэгістрацыя гэтых зямельных участкаў і правоў на іх.
Тлумачу проста: раней, калі мяжа ўчастка была калісьці фіксаваная, але яе нельга было аднавіць ні на карце, ні на мясцовасці – узнікала тупіковая сітуацыя. Цяпер жа выканаўчы камітэт такі спрэчны выпадак разгледзіць і прыме рашэнне нават тады, калі ўчастак не праходзіў дзяржаўную рэгістрацыю.

– Якія новыя паўнамоцтвы атрымалі суды?
– Суды цяпер разглядаюць зямельныя спрэчкі паміж асобамі, якія маюць незавершаныя незакансерваваныя капітальныя будынкі ў агульнай уласнасці. Гэта значыць, калі два ці больш уладальнікі не могуць падзяліць недабудаваны дом або іншы аб’ект, які не закансерваваны ва ўстаноўленым парадку, – суддзя разгледзіць спрэчку і вырашыць, як быць з зямлёй пад такім будынкам.

– Ці змяніўся парадак разгляду зямельных спрэчаў?
– Сам парадак не змяніўся, але дапоўнены важнай нормай. Цяпер мясцовы выканаўчы камітэт або суд абавязаны накіраваць інфармацыю аб зямельнай спрэчцы ў тэрытарыяльную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі – і для гэтага ўстаноўлены пэўны тэрмін. Гэта робіцца для таго, каб рэгістратар ведаў аб спрэчным участку і мог улічваць яго пры працы з рэестрам. Такім чынам, сістэма робіцца больш прыразыстай: пра гэта ведаюць усе зацікаўленыя ведамствы.

– Ці можна абскардзіць само рашэнне па зямельнай спрэчцы?
– Так, і тут таксама ёсць новаўвядзенне. Устаноўлены тэрмін абскарджання рашэння ў вышэйстаячы выканаўчы камітэт або ў суд – адзін месяц з дня прыняцця такога рашэння. Раней гэты тэрмін таксама не быў замацаваны. Цяпер усё зразумела: атрымаў рашэнне – у цябе месяц, каб падаць апеляцыю.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о