Запаветную мяжу ў тысячу тон намалоту, перавозкі, дапрацоўкі і сушкі збожжа пераадолелі аграрыі прадпрыемства СУП “Палессе-Аграінвест”.
Тры героі, тры розныя напрамкі, але адна агульная мэта – духмяны хлеб на стале.

Жніво на Петрыкаўшчыне – гэта не проста праца, гэта стан душы. Разам з дырэктарам прадпрыемства Аленай Асадчай і прадстаўнікамі прафсаюзнага камітэта мы адправіліся на палеткі і вытворчыя ўчасткі гаспадаркі, каб павіншаваць тысячнікаў ураджаю 2026 года.

Першая кропка маршруту – палеткі гаспадаркі бліз вёскі Слабада.

Як жа прыгожа плывуць камбайны па жніўным палетку. Сярод іх за штурвалам магутнай машыны заўважаем героя артыкула – Аляксея Клімчыка, трактарыста-машыніста сельскагаспрадпрыемства, які дасягнуў тысячнага рубяжу на ўборцы зерневых культур. Камбайн на хвіліну прыпыніўся, аграрый выйшаў да нас з шчырай усмешкай.

– Мы настроены сабраць ура-джай без страт у самыя кароткія тэрміны. Галоўнае, каб надвор’е не падводзіла, а мы са свайго боку, як і нашы калегі, зробім усё, каб раён і краіна былі з важкім караваем, – адзначыў хлебароб.

Механізатар не аднойчы ўдзельнічаў у бітве за ўраджай і станавіўся яе пераможцам. Перадавік вытворчасці, Аляксей Іванавіч не хавае: праца зараз у радасць. Такія людзі – сапраўдныя героі сельскай гаспадаркі, якія сваім прыкладам паказваюць, як важна любіць сваю справу і працаваць на вынік.

Далей мы накіраваліся на Пціцкі вытворчы ўчастак. Тут сустракаем аператара сушыльных комплексаў Валерыя Атрошчанку. Валерый Юр’евіч у мінулым таксама працаваў на камбайне, а цяпер адказвае за дапрацоўку і сушку збожжа ўраджаю. Аграрый таксама неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтваў.

– Для мяне вельмі важна захаваць кожнае зярнятка, не дапусціць страт, – дзеліцца Валерый Юр’евіч.– Мы працуем на агульны вынік. Калі ў полі хлебаробы стараюцца хутчэй сабраць ураджай, то наша задача – захаваць яго, – дзеліцца суразмоўца.
Калегі адзначаюць: Валерый Юр’евіч – чалавек дысцыплінаваны і патрабавальны да сябе. Яго вопыт дапамагае аператыўна вырашаць любыя тэхнічныя пытанні, якія ўзнікаюць падчас напружанай працы.

Наступным героем жніва стаў, вадзіцель аўтамабіля аддзялення «Мышанка» Аляксандр Пракапенка, які дасягнуў тысячнага рубяжу ў перавозцы зерневых і зернебабовых культур. Аляксандр Антонавіч – сапраўдны старажыл вытворчасці.

– Працую ў сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў. Прыемна, што ў гэтую ўборачную кампанію мне ўдалося дасягнуць вынік у запаветную 1000 тон збожжа. Спадзяюся, гэта не апошняе дасягненне.

– Першая тысяча – выдатны старт уборачнай кампаніі, а за ёй будзе і другая, і трэцяя. Няхай сабраны ўраджай прынясе і выдатны настрой. Я ўдзячна сваёй камандзе за добрасумленную працу і тое неверагоднае адзінства, якое мы бачым зараз. Здароўя вам, нашы дарагія хлебаробы, і канечне не спыняцца на дасягнутым, – пажадала Алена Асадчая.

У дапаўненне да слоў падзякі за працу ад прадпрыемства, прафсаюза і Нафтаперапрацоўчага завода героям жніва былі ўручаны каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Уборачная страда на Петрыкаўшчыне набірае абароты, і зусім хутка спіс тысячнікаў, без сумневу, папоўніцца новымі імёнамі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные