У зале райвыканкама адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання людзей, чыё жыццё непарыўна звязана з актыўным ладам жыцця, сілай духу і імкненнем да перамог.
Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Ходзька ўручыла Лісты падзякі ветэранам фізічнай культуры і спорту раёна за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў, асабісты ўклад у паспяховае выступленне зборнай каманды Петрыкаўскага раёна, якая заняла трэцяе прызавое месца на VIII абласной спартакіядзе сярод ветэранаў і кіраўнікоў раённых ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры.
Пад шчырыя апладысменты прысутных заслужаныя ўзнагароды атрымалі Аляксей Каюкала, Сяргей Шпак, Сяргей Корж, Галіна Клапаць, Аксана Кавальчук, Ірына Купрэй, Кацярына Хамец, Раіса Будзіловіч, Васілій Пінчук, Юрый Юніцкі, Уладзімір Літош, Сяргей Маёрчык.
Звяртаючыся да прысутных Наталля Ходзька падкрэсліла важнасць іх укладу ў развіццё фізкультурнага руху ў раёне:
– Члены ветэранскай арганізацыі – сапраўдны гонар Петрыкаўшчыны. Ваша энергія, аптымізм і адданасць любімай справе з’яўляюцца выдатным прыкладам для падрастаючага пакалення. Дзякуй вам за тое, што праслаўляеце нашую малую радзіму сваімі спартыўнымі дасягненнямі і застаецеся вернымі ідэалам здаровага ладу жыцця.
– Спорт не ведае ўзросту, калі ў сэрцы жыве азарт і любоў да руху. Гэта сваім прыкладам штодня даказваюць нашы ветэраны, якія працягваюць заставацца ў страі і паказваць выдатныя вынікі на спартыўных арэнах, – адзначыў у час свайго прывітальнага слова старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Аляксей Каюкала.
Таксама з самымі шчырымі словамі да прысутных звярнулася загадчык сектара спорту Петрыкаўскага райвыканкама Таццяна Харланава.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.







Оставить комментарий