Адказнасць і праца на вынік

0
113

Адказнасць і праца на вынікСёння прафесійнае свята тых, хто стаіць на варце нашай бяспекі і прыходзіць на дапамогу падчас надзвычайных сітуацый. У іх шэрагах не толькі мужчыны, але і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Знаёмцеся: Ганна Іванова, старшы інспектар ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Петрыкаўскага РАНС.

Калі мы чуем слова “выратавальнік”, уяўленне часцей за ўсё малюе вобраз мужчыны, які прабіваецца скрозь дым і агонь. Аднак сістэма МНС трымаецца не толькі на байцах, што выязджаюць на надзвычайныя сітуацыі, але і на тых, хто забяспечвае надзейны тыл і эфектыўную працу “на зямлі”.

Служба Ганны Аляксандраўны застаецца па-за кадрамі аператыўных зводак, але яе ўклад у агульную справу немагчыма пераацаніць.

Наша гераіня – жыхарка горада Петрыкава. Пасля заканчэння гарадской гімназіі дзяўчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Здавалася б, класічны шлях юрыста, але жыццё падрыхтавала свой сцэнарый. Пасля атрымання дыплома, Ганна пайшла ў адпачынак па доглядзе за дзіцям. Калі сыну Мацвею споўніўся год, ёй паступіла прапанова паспрабаваць сябе ў ролі інспектара прапаганды ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Так, у 2021 годзе яна прыйшла ў прафесію, а ўжо праз год стала старшым інспектарам па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.

За перыяд працы Ганна Аляксандраўна паспела папрацаваць у розных напрамках. Спачатку яна несла веды ў масы як інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю: вучыла дзяцей і дарослых правілам бяспекі, тлумачыла, як пазбегнуць бяды. Цяпер жа яе задача – умацаванне кадравага саставу.

Адказнасць і праца на вынік– Праца ў МНС – гэта вялікі механізм, дзе кожны чалавек на сваім месцы адказвае за агульны вынік, – дзеліцца Ганна. – Мая дзейнасць звязана з людзьмі, з іх матывацыяй і падтрымкай. Калі я маю зносіны з кандыдатамі па прыёме на службу, я ўжо бачу не проста людзей, а іх патэнцыял: хто зможа вытрымаць фізічныя і маральныя нагрузкі. Тут важна быць не толькі юрыстам, але і псіхолагам, умець выслухаць і накіраваць.

Ганна прызнаецца, што праца ёй вельмі падабаецца. Нягледзячы на высокую адказнасць, яна адчувае сябе на сваім месцы, а згуртаваны калектыў стаў той апорай, якая дапамагае спраўляцца з любымі задачамі.

– Быць выратавальнікам – значыць дапамагаць людзям у самыя цяжкія моманты, – распавядае інспектар. – І няхай прафесія лічыцца мужчынскай, але жанчыны ў ёй таксама знаходзяць сябе. Галоўнае – не баяцца, верыць у свае сілы і любіць тое, што робіш, да чаго ляжыць душа. За перыяд службы Ганна Аляксандраўна была неаднаразова ўзнагароджана юбілейнымі медалямі, нагрудным знакам, а таксама атрымала падзяку Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС за сумленнае выкананне службовых абавязкаў і значны ўклад у развіццё сістэмы папярэджання надзвычайных сітуацый.

Напрыканцы сустрэчы гутарка зайшла пра Год беларускай жанчыны, Ганна кажа гэтак жа шчыра і проста, як і пра сваю прафесію:

– Для мяне беларуская жанчына – гэта не толькі сіла духу і цярпення, але і пяшчота, дабрыня, уменне саграваць і падтрымліваць. Я люблю сваю сям’ю і прафесію, якой служу кожны дзень з поўнай аддачай. І я шчаслівая, што жыву ў нашай краіне, дзе шануюць працу, паважаюць традыцыі і вераць у будучыню.
Напярэдадні прафесійнага свята Ганна Аляксандраўна жадае калегам, мірнага неба і спакойных дзяжурстваў.

– Няхай дома заўсёды чакаюць родныя і блізкія, а ў сэрцах захоўваецца той агеньчык дабрыні і жадання дапамагаць, які прывёў нас у гэтую прафесію.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о