Зберагаць агульную спадчыну разам!

0
760

Заўтра ўжо ў 50-ты раз сусветная супольнасць будзе адзначаць Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Пэўна, ніхто не будзе спрачацца з думкай, што нам з прыродай, пры ўсёй яе разнастайнасці, пашанцавала. Тэрыторыя Петрыкаўшчыны на 56 % занятая ляснымі ўгоддзямі і амаль траціна земляў раёна з’яўляецца запаведнай. Апрача ўгоддзяў Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” тут размешчаны 3 заказнікі – “Пойма Пціча”, “Камаровіцкі”, “Варанецкі мох” і 7 помнікаў прыроды – геалагічнае агаленне “Дарашэвічы”, парк “Шклярэўскага” і 5 дубраў. Флора раёна налічвае 31 від раслін, якія ахоўваюцца, фаўна Петрыкаўшчыны налічвае 73 віды жывёл, што знаходзяцца ў Чырвонай кнізе Беларусі.
У раёне вядзецца прамысловая распрацоўка Петрыкаўскага радовішча калійных соляў, якія складаюць каля 2,5 мільярда тон і залягаюць на глыбіні ад 520 да 1200 метраў.
Найбольш актуальная экалагічная праблема, што аказвае негатыўнае ўздзеянне на ўсе кампаненты навакольнага асяроддзя, абумоўлена павелічэннем масавай колькасці смецця, якога штогод у вобласці з’яўляецца каля 550 тысяч тон.
Для вырашэння праблемы, у вобласці ўдасканальваецца алгарытм абыходжання з адходамі, у тым ліку прыцягненнем у гаспадарчы зварот другасных матэрыяльных рэсурсаў.
На сённяшні дзень сур’ёзную заклапочанасць выклікае праблема пластыкавага смецця, але разам з тым, прадпрыемства-рэзідэнт “Гомель-Ратон” “Палікап” і ААТ “Светлагорск Хімвалакно” вядуць работу па стварэнні вытворчасцяў экалагічнага і біяраскладальнага посуду і ўпакоўкі на аснове цэлюлозы.
Працягваецца работа па зніжэнні выкарыстання палімернай тары і ўпакоўкі для малочных прадуктаў, напояў, аб’ёмнай упакоўкі. Суб’ектамі гаспадарання праводзіцца работа па паэтапным замяшчэнні аднаразовага пластыкавага посуду на аб’ектах агульнага харчавання і палімерных пакетаў на папяровую і іншыя віды экалагічнай упакоўкі.
Але адзначаныя меры не будуць паўнавартаснымі, калі кожны жыхар нашай краіны не будзе адчуваць асабістую адказнасць за стан навакольнага асяроддзя. Толькі аб’яднаўшы намаганні, можна разлічваць на рэальныя поспехі ў вырашэнні адзначаных пытанняў і папярэджанні негатыўных змен у прыродным асяродку.

Іван МІЦУРА, начальнік
райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о