З такім “эдэмам” і рады не дасі

0
646

Часцяком мы звяртаем свой крытычны позірк у бок акалічнасцяў, да якіх прывялі абыякавасць ці безадказнасць. Але здараюцца выпадкі, пасля якіх даводзіцца разводзіць рукамі, маўляў, хацелі як лепей, а выйшла як заўсёды.

Ужо не аднойчы я станавіўся сведкам сітуацыі, калі жыхары пэўнага шматкватэрнага дома, з лепшых памкненняў добраўпарадкавання, высаджвалі вакол свайго пад’езда не толькі кветнікі, але і кустоўе з садовымі дрэвамі. Ідэя здаецца цудоўнай: бадай не знойдзеш чалавека, які б быў супраць суседства асфальту і бетону разам з зелянінай. Ды і ўвогуле, каму прыйдзе да розуму ставіцца адмоўна да адпачынку ў спякотны дзень у цені ці любавання квітнеючым абрыкосам майскім надвячоркам?

Але з цягам часу высвятляецца, што намаганні стварыць эдэм пад уласным пад’ездам выходзяць бокам. Апалае лісце ад шматлікай расліннасці хутка і ўшчэнт забівае ліўнёўкі каналізацыі, з-за чаго перад ганкам з’яўляюцца вялізныя лужыны. Кустоўе, што разраслося шчыльнай агароджай, збірае смецце, якое потым складана дастаць з непралазнага гушчару. А адпачынку ўлетку на лаўцы ў цені перашкаджаюць восы, што лётаюць ласавацца апалымі пладамі ў небяспечнай блізкасці. Больш за тое, “ураджай” садовых дрэўцаў, растаптаны падэшвамі жыльцоў, застаецца на лесвіцах і падлозе кватэр.

Пэўна, у свой час кожнаму, хто задумаў такое добраўпарадкаванне, было прыемна ўсведамляць карысць ад стваральнай справы, назіраць, як саджанец набірае моц. Але, з цягам часу, усё больш відавочным станавілася непрадбачаныя тады, але такія заканамерныя ўрэшце, нязручнасці: прасядаў ці ўздымаўся да гары асфальт прыдамавых тратуараў і дарог. Галлё пад вокнамі першых паверхаў не давала прабіцца ў кватэры сонечным прамяням, а ў час навальніцы небяспечна грукала ў шкло.

Адбываліся і больш маштабныя здарэнні. Аднойчы, яшчэ шкаляром, я назіраў з акна сюжэт, што часткаю сваёй, пры красамоўным апісанні, варты быў бы натуралістычнага апавядання. Дрэва сваімі каранямі год за годам прабівала бетон і ўрэшце жыццё перамагло!.. Вось толькі сюжэт гэты без шчаслівага канчатку – дрэнна было ўсім. Карані сапраўды шырылі шчыліну ў цвердзі бетоннага кальца калектарнага калодзежу. З цягам часу каранёвая сістэма разраслася, што прывяло да пашкоджання камунальных камунікацый. Спецыялісты доўга кемілі, як быць, бо нават залезці ў калодзеж было не магчыма, але з цягам часу буйныя разгалінаванні каранёў былі выдаленыя, дрэва зрубілі, а аварыйная сітуацыя выпраўлена. А нехта, мабыць, гадоў 30 таму быў задаволены фактам высаджанага дрэўца.

Мараль простая: варта прадбачыць наступствы сваёй экалагічнай дзейнасці, якіх бы добрых мэт мы не прытрымліваліся. А каб быць цалкам упэўненым, нядрэнна пракансультавацца са спецыялістамі камунальнай службы. Стваральныя ініцыятывы сапраўды здольныя зрабіць наша жыццё больш утульным, але няхай бы яны ажыццяўляліся з неабходнай доляй кампетэнцыі.

Арцём ГУСЕЎ.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о