З разлікам на добры ўраджай

0
705

Прыходу вясны, без перабольшвання, з нецярпеннем чакае кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Яно і зразумела: новы сельскагаспадарчы год, новыя планы, задачы і спадзяванні на добры ўраджай. Днямі мы сустрэліся з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алегам Козінцам, каб даведацца пра ход пасяўной і тыя задачы, якія ставіць перад сабой сельскагаспадарчая галіна Петрыкаўшчыны.

Цяпер, як адзначыў першы намеснік старшыні, дарагі кожны пагодлівы дзень. Задачы перад аграрыямі стаяць сур’ёзныя, а часу на іх выкананне не так багата. Таму за працу ўзяліся дружна: на сённяшні дзень усе сельгаспрадпрыемствы раёна сеюць. У актыўную стадыю ўвайшла сяўба яравых культур. Цёплае сонечнае надвор’е, што ўсталявалася на Гомельшчыне, патрабуе ад земляробаў найбольш зладжанай работы, каб правесці сяўбу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алега Козінца, па стане на 28 сакавіка ў раёне пасеяна амаль 190 гектараў ранніх яравых зерневых культур, гэта складае ўсяго 5% ад запланаванага. Аднагадовыя культуры пасеяны на плошчы 460 гектараў, ці 35 % ад запланаванага. Люцэрны – 203 гектары (10%). Ёсць гаспадаркі, дзе глеба на палетках утрымлівае залішнюю вільгаць, таму і да сяўбы прыступілі зусім нядаўна, калі тэмпература паветра дасягнула адзнакі, неабходнай для прарастання зярнятаў. Але там і тэхніка цалкам падрыхтаваная, і маецца ўвесь комплекс забеспячэння, што дазволіць правесці сяўбу ў самыя сціслыя тэрміны. У той жа час на супяшчаных палетках, размешчаных на высокіх месцах, ужо ва ўсю шчыруюць трактары з сеялкамі.

– Што да тэхнікі вясновага прызначэння, то яна цалкам гатова да працы ў полі. З 14-ці сеялак, што маюцца ў раёне, пад падрыхтаваныя да севу плошчы пакуль задзейнічаем 8. На сённяшні дзень у гаспадарках раёна ідзе актыўная сяўба люцэрны – да 10 красавіка культура павінна быць пасеяна. Рыхтуем глебу пад пасеў аднагадовых, пад пакроў якім пойдзе люцэрна. Засеяць яравы клін мы павінны да 15-16 красавіка. Складацца ён будзе традыцыйна з ячменю, аўса, пшаніцы.
Работы шмат, а ўмовы надвор’я як заўсёды то прыспешваюць, то перашкаджаюць. Сакрэт вясновых палявых работ, па словах Алега Георгіевіча, просты – захаванне тэхналогій і граматная падрыхтоўка.

З разлікам на добры ўраджай
Вячаслаў Жукавец працуе ў КСУП “Палессе-Аграінвест” амаль 10 гадоў. У цяперашні час мужчына задзейнічаны
на ўнясенні мінеральных угнаенняў

– Закрыццё вільгаці, падкормка азімых, унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў, падрыхтоўка глебы – выкананне ўсіх этапаў жыццёва неабходна, каб забяспечыць добры ўраджай гэтага года. Усе працэсы ідуць сваёй чаргой. Канешне, хацелася б у пэўных момантах паскорыцца, аднак умовы надвор’я і залішняя вільгаць не пускаюць нас на асобныя палеткі, – распавёў Алег Козінец.

Ён адзначыў, што на працягу некалькіх гадоў запар памеры пасяўных плошчаў пад яравую сяўбу ў раёне істотна не мяняюцца. Так, сёлета пад яравы клін будзе адведзена 4,56 тысяч гектараў, 2 тысячы гектараў пад шматгадовыя травы, аснову якіх складзе люцэрна з падсевам аднагадовых (проса, аўса). Пад кукурузу запланавана адвесці 14,7 тысяч гектараў, з якіх 10 тысяч гектараў пойдзе на вырошчванне і нарыхтоўку зялёнай масы, а на 4,7 тысячах гектараў плануецца вырошчваць кукурузу на зерне.

– У сельскай гаспадарцы ёсць два галоўныя параметры: своечасовасць і якасць, – адзначыў Алег Козінец. – Калі іх не выконваць, поспехаў не будзе. Да таго ж, старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан на сустрэчах з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў штодзень зазначае: каб не было збояў, важна максімальна захоўваць тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.
У раёне будзе наладжаны жорсткі кантроль за захаваннем усіх тэхналагічных працэсаў. Па кожным відзе веснавых работ кіраўніком раёна Аляксандрам Коханам пастаўлены канкрэтныя тэрміны правядзення, каб гаспадаркі бачылі і разумелі, якімі тэмпамі ісці, – дадаў у завяршэнні размовы Алег Козінец.

Пажадаем жа сельскім рупліўцам спрыяльнага надвор’я і добрага ўраджаю!

Галіна КАЗАК.
Фота Наталлі Петрушэнка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о