За шэрагам яскравых падзей і мерапрыемстваў мы з вамі, паважаныя чытачы, часам забываемся пра тых, хто са світанку і да позняга вечара, не зважаючы на адпачынак, працуе на палетках і даглядае жывёлу.
Вось так, незаўважна па першы погляд, працуе калектыў ААТ “Пціч-Агра”, а расказаць, насамрэч, тут ёсць пра што:
– Задачы кожнага аграрыя ў гэтыя дні ўсім вядомыя: нарыхтаваць кармавую базу, падрыхтавацца да жніва і дбаць пра надоі малака і прывагі жывой масы жывёлы, – разважліва і змястоўна распачаў гутарку дырэктар гаспадаркі Дзмітрый Лубачкін.
“Сельскагаспадарчае прадпрыемства я прымаў у гэтым годзе хіба не з пустымі гумнамі. Але на працягу гэтага сезона мы плануем нарыхтаваць палутарагадовы запас у нашай кармавой базе. Дзякуй Богу, падставы для такіх спадзяванняў ў нас сур’ёзныя. Зараз мы завяршаем другі ўкос траў: з 4 тысяч тон сенажу нашы механізатары нарыхтавалі ўжо 3,5 тысячы. На палетках штодня працуе 11 машын”, – адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч.
Напярэдадні гаспадарка тэрмінова сабрала сурэпіцу, ну а наперадзе аграрыяў чакае праца з кукурузай на сілас. Пад гэтую культуру сёлета “Пціч-Агра” адвяла без малога 2 тысячы гектараў. Трэба спадзявацца, што статак амаль у 2450 галоў, сярод якога 1240 “Буронак”, будзе сытым, ды і пэўны запас на будучыню застанецца.
На пытанне, ці задаволены дырэктар работай падначаленага яму калектыва, Дзмітрый Лубачкім адказвае катэгарычна: “Працаўнікі ў нас добрыя, ніякіх пытанняў да іх у мяне няма – працалюбівыя, шчырыя людзі”.
А вось у мяне пытанне ўзнікла. Бо, як вынікае са слоў кіраўніка – і спецыялісты працуюць аддана, і перспектывы для назапашвання кармоў ў прадпрыемства ёсць… Дык чаму ж напрыканцы мінулага сельскагаспадарчага сезону “Пціч-Агра” літаральна засталося без корму для сваіх рагуль?
– Прымаючы гаспадарку, я ў першую чаргу звярнуў увагу на хібы ў арганізацыі працы. Кажучы проста, спецыялістаў перакідалі з адной работы на другую, у той час, як трэба было ставіць канкрэтныя задачы і комплексна іх вырашаць. Менавіта з гэтай прычыны мы стварылі мехатрад па нарыхтоўцы кармоў. Такі падыход паказаў свой плён і ўжо сёлета мы разлічваем на станоўчыя вынікі. Зразумела, ёсць і свае цяжкасці, але намагаемся іх пераадольваць. Атрыманы вопыт будзем выкарыстоўваць і ўдасканальваць працэс нарыхтоўкі кармоў у будучыні, – патлумачыў Дзмітрый Аляксандравіч.

З кармамі  праблем не будзе!

У ААТ “Пціч-Агра” працуе механізатарам Мікалай Кот. Свой працоўны шлях мужчына пачынаў у 1991 годзе. Тады яго бацька, таксама механізатар, перадаў сыну нямецкі камбайн, на якім працаваў.
Зараз Мікалай Міхайлавіч выходзіць на палеткі на айчынным КВК-800. Па словах мужчыны, тэхнікай ён задаволены – машына працуе надзейна, але, зразумела, і гаспадар павінен надаваць ёй належны догляд. За дзень атрымліваецца пакасіць каля 30 гектараў плошчы, а гэта каля 150-200 тон сенажу. Праца пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а завяршаецца а сёмай гадзіне вечара. Але, як і іншыя аграрыі, часам, каб тэрмінова справіцца з задачамі, даводзіцца працаваць дацямна.
Дома мужчыну чакаюць жонка Кацярына і дачка Маша. Сыны Ілья і Міхаіл скончылі Сувораўскае вучылішча і зараз навучаюцца ў Разанскім Паветрана-Дэсантным Камандным Вучылішчы. “Сямейныя ставяцца да маёй прафесіі з разуменнем, хоць, зразумела, у летні перыяд хацелася б больш часу праводзіць з роднымі”, – дзеліцца Мікалай Міхайлавіч.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о