9 ліпеня 2022 года прайшла 43 сесія раённага Савета дэпутатаў пад старшынствам намесніка старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандры Янчанкавай. У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко.

На парадак дня работы сесіі раённага Савета дэпутатаў было вынесена пытанне “Аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні раённага выканаўчага камітэта”. Кандыдатуру на гэту пасаду назначае старшыня аблвыканкама, затым узгадняе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюць на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Звяртаючыся да прысутных, Іван Крупко адзначыў: на працягу васьмі гадоў кіраўніцтва Аляксандра Наўныкі раён развіваўся, выконваў пастаўленыя задачы. Нямала зроблена за гэты час. Іван Іванавіч падзякаваў Аляксандру Міхайлавічу за гады працы, пажадаў поспехаў на новым месцы.
Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на пасаду старшыні Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта ўзгоднены Аляксандр Кохан. Каменціруючы назначэнне новага кіраўніка Петрыкаўшчыны, Іван Крупко выказаў упэўненасць у далейшым паступальным развіцці раёна. Аляксандр Васільевіч – вопытны кіраўнік, менеджар, здольны вырашаць шырокі спектр упраўленчых задач і надаць новы імпульс развіццю раёна.
Выступаючы перад прысутнымі, Аляксандр Кохан распавёў пра асноўныя вехі ўласнай біяграфіі:
– Нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Карма Ельскага раёна Гомельскай вобласці. У 1996 годзе закончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут, у 2012 – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 1996 па 2010 год працаваў у ДУ “Нараўлянскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №177 сельскагаспадарчай вытворчасці” выкладчыкам спецдысцыплін, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. З 2010 па 2015 – першы намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама. З 2015 года займаў пасаду старшыні Брагінскага райвыканкама.

На Петрыкаўшчыне –  новы старшыня райвыканкама
Дэпутаты райсавета адкрытым галасаваннем падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Васільевіча, а старшыня аблвыканкама ўручыў новаму кіраўніку раёна службовае пасведчанне. Намеснік старшыні райсавета Аляксандра Янчанкава ад імя ўсіх прысутных павіншавала Аляксандра Кохана з зацверджаннем на пасадзе старшыні Петрыкаўскага райвыканкама, пажадала поспехаў на гэтай нялёгкай і адказнай пасадзе, а таксама выказала ўпэўненасць, што сумесная работа з дэпутатамі, кіраўнікамі, актывам паслужыць далейшаму развіццю і дабрабыту Петрыкаўскага раёна.
– Неабходна вынікова папрацаваць, каб давесці заработную плату ў сельскай гаспадарцы да сярэдняй па раёне, – даў даручэнне Іван Крупко.

На Петрыкаўшчыне –  новы старшыня райвыканкама
Губернатар таксама акрэсліў аператыўную задачу: “Годна ўбраць тое, што ёсць на палетках, і зрабіць сур’ёзны запас кармавой базы, каб развіваць жывёлагадоўлю”.
Звяртаючыся да дэпутацкага корпуса і прысутных кіраўнікоў, губернатар адзначыў, што Петрыкаўшчына мае добрыя перспектывы, і ад эфектыўнай работы кожнага будзе залежыць агульны поспех.
– Мы жывем у няпросты час, і прафесіяналізм і адказнасць кожнага гарантуюць паступальнае развіццё ўсіх сфер народнай гаспадаркі, рост дабрабыту людзей. Санкцыі, несучы негатыў, адкрылі перад намі рынкі Расіі і Кітая, дзе запатрабавана якасная прадукцыя з Беларусі. І перад сельгасвытворцамі стаіць задача нарошчваць аб’ёмы. Аблвыканкамам прадпрыемствам рэгіёна аказваецца максімальная падтрымка. Граматна выкарыстоўваць рэзервы і рэсурсы – задача кіраўнікоў усіх узроўняў на месцах, – адзначыў Іван Крупко.
У час сесіі прагучалі словы шчырай падзякі ў адрас Аляксандра Наўныкі ад намесніка старшыні райсавета Аляксандры Янчанкавай. Аляксандр Міхайлавіч у сваю чаргу падзякаваў актыву раёна за гады сумеснай работы, падтрымку і выкананне пастаўленых задач. “За гады сумеснай працы зроблена нямала. Я дзякую кожнаму з вас за сумленную працу і жадаю новых поспехаў у развіцці Петрыкаўшчыны”, – адзначыў Аляксандр Наўныка.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о