Не парушаючы шматгадовай навагодняй традыцыі, напярэдадні свята мы сустрэліся з кіраўнікамі розных структурных падраздзяленняў раёна, каб даведацца, якім для іх калектываў быў год, што вось-вось стане гісторыяй, і чаго яны чакаюць ад надыходзячага 2023 года.

Сяргей ТАБОЛІЧ, пракурор Петрыкаўскага раёна:
– Для нашага ведамства адыходзячы год, які прайшоў пад знакам Года гістарычнай памяці, стаў свайго роду выпрабаваннем на прафесіяналізм. Шмат работы было праведзена па пошуку фактаў генацыду беларускага народа на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна, якія, і гэта пацвердзілі праведзеныя ў кастрычніку раскопкі, мелі месца быць. Пра шматлікія факты масавага знішчэння мірнага насельніцтва на працягу года мы расказвалі на старонках раённай газеты, на сустрэчах з навучэнцамі ўстаноў адукацыі, у час дыялогавых пляцовак. Карысць і значэнне праведзенай работы пераацаніць немагчыма. Хачу выразіць удзячнасць усім тым, хто прымаў актыўны ўдзел у пошуку новых фактаў генацыду: гэта і старшыні сельвыканкамаў, і настаўнікі-краязнаўцы, і канешне ж дзеці вайны – іх успаміны самыя шчымлівыя і самыя каштоўныя. Яшчэ нямала нам усім давядзецца зрабіць, каб гістарычная праўда маладым пакаленнем беларусаў успрымалася як найвялікшая каштоўнасць.
Завяршаем год з пачуццём выкананага абавязку перад памяццю тых, чыё трагічнае жыццё і чый подзвіг забыць мы не маем права.
У годзе надыходзячым жадаю ўсім жыхарам раёна міру і спакою, няхай ваша жыцце будзе напоўнена толькі добрымі, прыемнымі падзеямі.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о